Наша дзейнасць

Асноўнымі напрамкамі дзейнасці Музея традыцыйнага ручнога ткацтва Паазер'я з'яўляюцца навукова-фондавая, экспазіцыйна-выставачная, навукова-даследчая і адукацыйна-выхаваўчая дзейнасць.

Навукова-фондавая праца — адзін з вядучых напрамкаў дзейнасці музея, які ўключае камплектаванне, улік, захоўванне і вывучэнне аб'ектаў спадчыны. Камплектаванне — працэс выяўлення ў асяроддзі бытавання прадметаў музейнага значэння і іх збору для папаўнення музейных калекцый. Кожны год, згодна з Планам камплектавання, навуковыя супрацоўнікі камплектуюць музейны збор новымі музейнымі прадметамі і навукова-дапаможнымі матэрыяламі шляхам удзелу ў этнаграфічных экспедыцыях, закупкі, перадачы, дарэння ўласнікамі, папаўняючы тым самым музейны збор.

Навукова-даследчая работа ў музеі звязана з назапашваннем, апрацоўкай і ўвядзеннем у навуковы і агульнакультурны зварот матэрыяльных і нематэрыяльных аб'ектаў спадчыны. Гэта вывучэнне музейных фондаў, уключаючы атрыбуцыю, класіфікацыю, сістэматызацыю і інтэрпрэтацыю музейнага прадмета. Вынікі навукова-даследчай работы супрацоўнікаў музея знаходзяць адлюстраванне ў спецыфічных музейных формах, да важнейшых з якіх адносяцца экспазіцыі і выставы, прадстаўляюцца на розных навуковых мерапрыемствах, выкарыстоўваюцца ў адукацыйна-выхаваўчай дзейнасці.

Экспазіцыйна-выставачная дзейнасць — адзін з асноўных накірункаў дзейнасці музея; з'яўляецца асновай музейнай камунікацыі і базай для рэалізацыі культурна-адукацыйнай дзейнасці музея. Экспазіцыя Музея ткацтва аб'ядноўвае музейныя прадметы на аснове адзінай канцэптуальнай задумы, крытэрыем адбору музейных прадметаў для экспазіцыі з музейнага збору з'яўляюцца камунікатыўныя ўласцівасці музейнага прадмета — інфарматыўнасць, экспрэсіўнасць, атрактыўнасць.

Адукацыйна-выхаваўчая дзейнасць Музея ткацтва прадстаўлена разнастайнымі формамі. Да традыцыйных формаў адукацыйна-выхаваўчай работы можна аднесці экскурсіі (аглядныя і тэматычныя) і лекцыі. Варта адзначыць, што важную тэарэтычную аснову дадзенай дзейнасці складае музейная педагогіка. Музей прапануе сваім наведвальнікам займальныя і пазнавальныя музейна-педагагічныя заняткі.

Музей ткацтва актыўна ўжывае і клубныя формы музейнай работы: вечары, майстар-класы. Ужо традыцыйным для музея стала правядзенне музейных святаў («Ідзе Каляда з Полацку...», «Гуканне вясны», «Ішлі, прайшлі, валачобнічкі, іграючы, спяваючы ...» і г.д.).

Для паспяховай рэалізацыі адукацыйна-выхаваўчай дзейнасці ў музеі ажыццяўляецца дыферэнцыраваны падыход да розных груп наведвальнікаў.