Аб калекцыях

Музейны збор Нацыянальнага Полацкага гісторыка-культурнага музея-запаведніка (далей НПГКМЗ) налічвае больш за 100 000 музейных прадметаў, размеркаваных па 35 калекцыях

Пад музейнай калекцыяй варта разумець сукупнасць музейных прадметаў, што звязаны паміж сабой агульнасцю адной або некалькіх прыкмет і прадстаўляюць асаблівую каштоўнасць (навуковую, пазнавальную, мастацкую, мемарыяльную). Музейная калекцыя з'яўляецца асноўнай формай захоўвання музейных прадметаў і складваецца ў выніку мэтанакіраванай навуковай працы, пры якой кожны прадмет набывае асаблівае значэнне.

Музей традыцыйнага ручнога ткацтва Паазер'я ў працэсе навуковай, выставачнай, культурна-адукацыйнай дзейнасці пастаянна працуе з калекцыямі са збору НПГКМЗ. Кожны год, згодна з Планам камплектавання музейных прадметаў, навуковыя супрацоўнікі папаўняюць існуючыя калекцыі новымі музейнымі прадметамі і навукова-дапаможнымі матэрыяламі шляхам закупкі, перадачы, удзелу ў этнаграфічных экспедыцыях, а таксама дарэння ўласнікамі, што жадаюць захаваць унікальныя гістарычна каштоўныя рэчы для будучых пакаленняў.

Разнастайнае адзеннне, галаўныя ўборы, абутак і аксесуары ХIХ—ХХI стст. з калекцыі «Адзенне» (агульная колькасць на 10.03.2021 г. складае 1136 адзінак захоўвання) дазваляе нам сёння, у ХХI стагоддзі, візуальна паказаць, як развівалася мода, а таксама стварыць цэласнае ўяўленне пра паўсядзённае жыццё людзей.

У калекцыю «Тэкстыль» увайшлі лепшыя ўзоры такога народнага дэкаратыўна-прыкладнога мастацтва беларусаў, як ткацтва. Тут знайшлі сваё месца тэкстыльныя вырабы, якія суправаджалі нашых продкаў у будні і ў святы на працягу іх жыцця (ручнікі, посцілкі, абрусы). На 10.03.2021 г. у складзе калекцыі 866 адзінак.

Калекцыя «Прадметы побыту» ўключае ў сябе прадметы, якія штодня атачалі нашых продкаў, напаўняючы іх звыклы ўклад жыцця. На 10.03.2021 г. музейная калекцыя «Прадметы побыту» складаецца з 2799 адзінак захоўвання. Сярод прадметаў, якія адлюстроўваюць гісторыю паўночнага краю Беларусі, маюцца як арыгіналы, так і якасна вырабленыя рэканструкцыі.

Музейныя прадметы з калекцыі «Прылады і прыстасаванні» са збору НПГКМЗ захоўваюць памяць аб рамёствах і промыслах жыхароў Паазер'я, дапамагаюць зразумець і ўзнавіць забытыя традыцыі. На 10.03.2021 г. агульная колькасць адзінак захоўвання ў калекцыі складае 550 адзінак.

Прапануем пазнаёміцца ​​з найбольш цікавымі музейнымі прадметамі, якія сталі экспанатамі нашага музея.

Прадметы з музейнага фонду можна класіфікаваць па іх храналогіі, месцы стварэння, тэматыцы. Вынікам такой класіфікацыі і вывучэння становяцца навуковыя каталогі, складзеныя навуковымі супрацоўнікамі музея-запаведніка.