Паслугі

МУЗЕЙ ТКАЦТВА ПРАПАНУЕ:

Экскурсіі па экспазіцыі

Аглядная экскурсія

Музей традыцыйнага ручнога ткацтва Паазер'я распавядае пра асаблівасці ручнога ткацтва канца XIX — пачатку ХХ стагоддзяў у Полацкім, Глыбоцкім, Міёрскім, Шаркаўшчынскім, Верхнядзвінскім, Пастаўскім, Докшыцкім раёнах Віцебскай вобласці. Экспазіцыя музея падрабязна дэманструе працэс стварэння тканіны ад пасадкі лёну да гатовага вырабу праз каляндарны цыкл пераўтварэння прыроды.

Тэматычная экскурсія «Лён і палатно: міф і рэальнасць»

На экскурсіі мы прадстаўляем лён і вырабы з яго як важную частку беларускай традыцыйнай культуры, прапануем зірнуць на іх вачыма нашых продкаў, пазнаёміцца з таямніцамі майстэрства і адкрыць для сябе схаваны ў іх сакральны сэнс.

Тэматычныя заняткі (*па папярэднім запісе)

«Пасталы, валёнкі, боты» (з гісторыі сялянскага абутку) (7-15 гадоў)

Вы даведаецеся шмат новага і цікавага пра абутак, які насілі жыхары беларускіх вёсак у ХІХ — першай палове ХХ стагоддзяў: скураны, драўляны, плецены, валяны.

«Па тканаму мору плыве карабель ...» (з гісторыі праса) (7-15 гадоў)

Як выглядаў першы прасавальны апарат? Ці можна гладзіць патэльняй? Ці ёсць «душа» ў праса? На гэтыя і многія іншыя пытанні вы знойдзеце адказы, наведаўшы нашы заняткі!

«Рвалі, мялі ды трапалі» (апрацоўка лёну) (7-15 гадоў)

Заняткі пазнаёмяць вас з асаблівасцямі вырошчвання і апрацоўкі лёну, цудам ператварэння валакна ў тоненькую льняную нітку.

«Полацкі рынак: з гісторыі гарадскога гандлю» (13-16 гадоў)

На занятку ў вас будзе магчымасць адкрыць для сябе гісторыю развіцця полацкага рынку ў канцы XIX - пачатку XX стст. 

«Традыцыйныя беларускія гульні» (*час правядзення - чэрвень-жнівень; праводзіцца на панадворку)

Вы не толькі пазнаёміцеся з некаторымі відамі актыўных традыцыйных беларускіх гульняў, але і зможаце стаць іх удзельнікам.

«Калядная батлейка» (*час правядзення — снежань-студзень)

Падчас заняткаў вы даведаецеся, адкуль бярэ свой пачатак традыцыя народнага тэатра батлейкі, дзе і калі паказвалі лялечныя спектаклі, зможаце прыняць удзел у віктарыне і, вядома ж, паглядзець спектакль "Цар Ірад»!

Музейна-педагагічныя заняткі ў рамках праграмы (*па папярэднім запісе)

Для дзяцей старэйшага дашкольнага ўзросту - «Казка аб блакітным ільне і чароўным верацяне» (красавік)

Для вучняў 1-х класаў - «Сакрэты беларускага пояса» (люты)

Для вучняў 2-х класаў - «Таямніцы беларускага ручніка» (снежань)

Для вучняў 4-х класаў - «У якіх багоў верылі нашы продкі» (кастрычнік)

Для вучняў пачатковай школы - «Калядная батлейка» (студзень)

Інтэрактыўная праграма «Ці ў хаце, ці на двор — трэба галаўны ўбор» (з гісторыі галаўных убораў)

Калі вы цікавіцеся беларускім традыцыйным касцюмам, жадаеце больш даведацца пра галаўныя ўборы і традыцыі іх нашэння, — прыходзьце на інтэрактыўную праграму «Ці ў хаце, ці на двор — трэба галаўны ўбор!»
Вы даведаецеся шмат новага і цікавага: як выглядаў найстарэйшы галаўны ўбор, у якім узросце насілі скіндачку, як правільна завязаць хустку і што азначае даўжыня «рожак» у гэтым галаўным уборы і чаму?

Квэст «Скарб бабкі Агапкі» (*кошт - 5 руб.)
Хто з нас не марыў хоць аднойчы знайсці сапраўдны скарб? А колькі цікавых гісторый пра схаваныя скарбы мы чулі ў дзяцінстве!
Музей - гэта чароўная прастора адкрыццяў, цікавых прыгод, здзяйснення запаветных мар...
Музей традыцыйнага ручнога ткацтва Паазер'я запрашае паўдзельнічаць у гульні-квэсце «Скарб бабкі Агапкі». І няхай пашанцуе самым кемлівым!

 

Разавыя заняткі (*па папярэднім запісе)

Разавыя заняткі па вырабе свечкі з вашчыны (*кошт 1 свечкі — 10.00 руб.)

Калі вы любіце рабіць сваімі рукамі нешта не толькі прыгожае, але і карыснае, але не хочаце марнаваць на гэта занадта шмат часу і намаганняў, то гэта мерапрыемства дакладна для вас!

Мы запрашаем вас на індывідуальныя майстар-класы па вырабе свечак з вашчыны ў традыцыйным стылі. Катаныя свечкі вырабляюцца толькі з натуральнага матэрыялу — тонкіх лістоў пчалінага воску. У свечкі дадаюцца гаючыя зёлкі: палын, святаяннік, рамонак, меліса, а таксама кветкі лаванды, календулы, лісты бярозы... Упрыгожванне свечкі сухімі кветкамі, стужкамі, карункамі, пацеркамі і іншым дэкорам на ваш густ дазволіць праявіць максімум фантазіі. А праца з натуральнай духмянай вашчынай стане сапраўдным задавальненнем!

Катаныя свечкі захоўваюць цяпло рук майстра і яго станоўчую энергетыку, таму рабіць іх варта толькі ў добрым настроі! На памяць аб майстар-класе вы забярэце з сабой духмяную свечку, якая напоўніць цяплом і ўтульнасцю ваш дом або стане выдатным падарункам блізкаму чалавеку на любыя святы.

Увага! Майстар-клас праводзіцца толькі па папярэднім запісе!

Разавыя заняткі па лепцы з палімернай гліны (кошт залежыць ад віду вырабу)

Жадаеце навучыцца ляпіць з гліны розныя ўнікальныя вырабы і ўпрыгожваць іх акрылавымі фарбамі? Далучайцеся да нашых майстар-класаў!

Гліна — гэта натуральны матэрыял, які выкарыстоўваецца ў мастацтве, будаўніцтве і рамёствах на працягу тысячагоддзяў у многіх народаў, у тым ліку і беларусаў. Праца з глінай развівае творчыя навыкі і дапамагае расслабіцца, а таксама служыць выдатным спосабам самавыяўлення. Акрамя таго, такія заняткі спрыяюць развіццю дробнай маторыкі і канцэнтрацыі.

Гліна можа быць як натуральнай, так і палімернай, кожная мае свае асаблівасці.

На нашым майстар-класе мы прапануем стварыць посуд, упрыгажэнні, элементы дэкору і інш. з палімернай гліны і дэкараваць іх акрылавымі фарбамі. Палімерная гліна — гэта гнуткі і лёгкі ў апрацоўцы матэрыял, які падыходзіць як для пачаткоўцаў, так і для вопытных майстроў. Асаблівасць гэтага матэрыялу ў тым, што ён не патрабуе абпалу ў печы, а гэта значыць, што вы зможаце адразу забраць гатовы выраб дадому і высушыць яго самастойна (для поўнага застывання патрабуецца 24 гадзіны).

Вас чакае пакрокавае навучанне лепцы і роспісу па палімернай гліне акрылавымі фарбамі. Майстар-клас праходзіць у прыязнай абстаноўцы, вы зможаце пагутарыць з аднадумцамі і абмяняцца ідэямі.

Праявіце сваю індывідуальнасць і стварыце ўнікальны выраб, які ўпрыгожыць ваш дом або стане выдатным падарункам! Не прапусціце шанец навучыцца нечаму новаму!

Разавыя заняткі па роспісе сумкі-шопера акрылавымі фарбамі (*кошт — 20.00 руб.)

Сумкі-шоперы з рознымі прынтамі заўсёды актуальныя і заўсёды ў трэндзе! Сумка-шопер сваімі рукамі? Лёгка! На нашым майстар-класе мы прапануем вам нанесці на сумку дэкаратыўную размалёўку па матывах арнаментаў традыцыйнага беларускага тэкстылю са збору Нацыянальнага Полацкага гісторыка-культурнага музея-запаведніка. Пацешце сябе эксклюзіўным аксэсуарам! З гэтай задачай справяцца нават мастакі-пачаткоўцы. (Сумка для роспісу прадастаўляецца)

Разавывыя заняткі «Пляценне з травы» (*час правядзення — ліпень-жнівень)

Калі гуляеш летам па лузе, хочацца забраць з сабой водар кветак і духмяных траў. З іх можна сабраць букет, а можна сплесці габелен, які зімовым вечарам будзе нагадваць аб летнім адпачынку. З даўніх часоў у Беларусі існуе традыцыя плесці цыноўкі з раслін. З часам гэтая традыцыя не знікла, а здабыла новыя формы: разнастайныя травы, лісце, кветкі, якія растуць уздоўж дарогі, на паляне і ў лесе - усё гэта можна сплесці ў адзінае цэлае і атрымаць цудоўнае дэкаратыўнае пано!

Разавыя заняткі «Чароўныя валёнкі» ці «Рукавічкі для каляднай цудаў» (*час правядзення — снежань-студзень)

Каляды і Новы год... І дарослыя, і дзеці з нецярпеннем чакаюць гэтых чароўных святаў, рыхтуюць падарункі для родных і сяброў. Але няма лепшага падарунка, чым зроблены з цеплынёй і любоўю сваімі рукамі. Гэта могуць быць дэкаратыўныя валёнкі і рукавічкі для захоўвання сюрпрызаў, якія стануць выдатным святочным упрыгажэннем інтэр'еру!

Вясельны абрад "Як зліліся дзве рэчанькі ..."

Фотасесія ў музеі

Фотасесія ў экспазіцыі Музея ткацтва, напоўненай святлом і цеплынёй, мудрасцю і вопытам продкаў, назаўсёды захавае ў памяці самыя важныя для Вас моманты.

Кошт на паслугі ў музеях НПГКМЗ