З мэтай аднаўлення некаторых элементаў традыцыйнага вяселля супрацоўнікамі Музея было даследавана шырокае кола фальклорных, этнаграфічных крыніц, экспедыцыйных збораў і даследаванняў навукоўцаў, якія звязаныя з вясельнай абраднасцю беларусаў. Беларускае традыцыйнае вяселле – гэта цэлы рытуальна-магічны комплекс, які ўвасабляецца ў шыкоўным каларытным дзействе; умоўна увесь цырыманіял падзяляюць на чатыры цыклы: падрыхтоўчы (заручыны, суборная субота, каравай), вянчанне (царкоўнае), вяселле ў маладой, вяселле ў маладога. Паводле народных уяўленняў, для прызнання шлюбнага саюза неабходна было абавязковае яго санкцыянаванне з боку калектыву - абшчыны, роду і суседзяў – пры дапамозе адпаведных рытуальных дзеянняў, песень, прыгавораў, якія супрваджалі кожны з вышэйакрэсленых этапаў вяселля, і толькі тады шлюбная пара магла афіцыйна стаць паўнавартасным звязам.
Абрад «Як зліліся дзве рэчанькі...» не з’яўляецца дэталёвай рэканструкцыяй святочнай традыцыі, ён спалучае ў сабе значныя элементы вясельнага абраду з улікам правядзення сучаснага вяселля. Дзякуючы спеўным традыцыям Падзвіння, багатай скарбонцы народных звычаяў і непаўторнаму Паазерскаму каларыту вашае вяселле стане незабыўным на доўгія часы.
Сардэчна запрашаем!