Экспазіцыя Музея традыцыйнага ручнога ткацтва Паазер'я

Музей традыцыйнага ткацтва Паазер’я, які адчыніў свае дзверы ў снежні 1998 г., распавядае пра асаблівасці ручнога ткацтва канца ХІХ пачатку ХХ ст. у Глыбоцкім, Міёрскім, Шаркаўшчынскім, Верхнядзвінскім, Пастаўскім, Докшыцкім, Полацкім раёнах Віцебскай вобласці. Экспазіцыя музея праз каляндарны цыкл пераўтварэння прыроды падрабязна паказвае працэс стварэння тканіны ад пасадкі лёну да гатовага вырабу. Традыцыйнае ткацтва – гэта адзін са старажытных і распаўсюджаных відаў дэкаратыўна-прыкладнога мастацтва, непасрэдна звязаны з вырабам адзення і прадметаў побыту: ручнікоў, посцілак, абрусаў.

Мадэль рамяства ткацтва паказана праз ДРЭВА ЖЫЦЦЯ, якое сімвалізуе вечнасць і бясконцасць, выступае звяном паміж сусветам і чалавекам. Карэнні дрэва – той свет, месца існавання розных пачвар. Ствол – прастора дзейнасці чалавека, яго жыццё ад нараджэння і да смерці. Крона – гэта сувязь з продкамі, свет веры дабрыні, які належыць Богу.

Экспазіцыя першай залы дае магчымасць даведацца пра таямніцы вырошчвання лёну і яго пачатковай апрацоўкі. Гэта карэнні СУСВЕТНАГА ДРЭВА ЖЫЦЦЯ.
Згодна з міфалагічным паданнем, нашы продкі лічылі галоўнай жаночай багіняй МАКАШ – маці ўраджаю, апякунку жаночых работ, суровую ўладарку прадзення і ткацтва – выява якой займае цэнтральнае месца ў экспазіцыі гэтай залы.

ДРУГАЯ ЗАЛА сімвалізуе ствол Дрэва жыцця, прастору жыццядзейнасці чалавека.
Ткацкі станок на Беларусі з’явіўся ў Х–ХІІ ст., пашыраны былі гарызантальныя кросны. Праца на кроснах са старажытных часоў была выключна жаночым заняткам.
Складаная ткацкая тэхналогія заўсёды спалучалася з высокім мастацкім майстэрствам. Больш за тое, ступень гэтага майстэрства ў ткацкай справе залежала ад ступені тэхналагічнай складанасці. Ткалася на кроснах усё, што было неабходна ў гаспадарцы: ручнікі, посцілкі, абрусы, палавікі і г.д., а таксама тканіна, з якой шылі адзенне.

АДЗЕННЕ фарміравалася на працягу стагоддзяў. Беларускі нацыянальны касцюм набыў завершанасць у ХІV–ХVІ стст., калі cклаліся яго асноўныя рысы: строгасць, адзінства кампазіцыі, перавага белага колеру, спалучэнне яго з чырвоным у арнаменце. Камплектацыя беларускага традыцыйнага жаночага касцюма была амаль аднолькавай на ўсёй тэрыторыі Беларусі: гэта наяўнасць кашулі, спадніцы, пояса, фартуха, галаўнога убору. Аднак амаль у кожнай вёсцы ці ў некалькіх суседніх вёсках былі свае мясцовыя адрозненні. Своеасаблівасць і непаўторнасць лакальных варыянтаў касцюма вызначаліся для дадзенай мясцовасці спосабам нашэння і размяшчэння дэкору на адзенні. Такія лакальныя варыянты беларускага касцюма маюць назву «строй». Касцюм як бы выстраіваецца па законах той мясцовасці, да якой належыць. Асабліва высокага ўзлёту фантазіі і майстэрства можна ўбачыць у жаночым касцюме.

ТРЭЦЯЯ ЗАЛА – крона СУСВЕТНАГА ДРЭВА – дух чалавечага існавання.
Мастацтва народных ткачых, іх фантазія і густ, умельства простымі сродкамі дабіцца дэкаратыўнасці, прыгажосці, ярчэй за ўсё выявілася ў тканні РУЧНІКОЎ. Ручнік – гэта кавалак тканіны абрадавага, дэкаратыўнага, побытавага прызначэння. Ён заўсёды побач з чалавекам і падчас важных святочных падзей, і ў штодзённых жыццёвых турботах. Ручнік ва ўсіх яго відах – набожнік, уціральнік, трапкач, абыдзённік, галаўны ўбор ды іншыя – нясе адну і тую ж глыбінную сімволіку – ахову, спрыянне, дабразычлівы ўплыў. Ручнік – гэта сімвал роду, яго заступнік, абаронца. Ручнікі, як і песні, суправаджалі беларусаў ад нараджэння і да смерці.

Такім чынам, традыцыйнае ручное ткацтва – гэта невычэрпная скарбніца ведаў, зашыфраваных у арнаментах тканых вырабаў, а таксама таямніца вышэйшых сэнсаў, прыхаваных нашымі продкамі. Кожны з нас павінен імкнуцца зберагчы гісторыю, што стваралася стагоддзямі, бо без мінулага чалавек, як дрэва без каранёў, не зможа працягваць сваё існаванне.

Кожны сучасны чалавек павінен ведаць, хто ён такі, якая яго мова, народ і край, якая ягоная гісторыя. З самага маленства мы павінны ўмець адказваць на самае простае пытанне: ХТО МЫ? Мы БЕЛАРУСЫ!