Верацяно

Верацяно – гэта завостраная палачка з патаўшчэннем пасярэдзіне, прызначаная для скручвання і намотвання ніткі пры ручным прадзенні. Яно сімвалізавала жаночы пачатак і жаночыя заняткі.

Жанчына трыма пальцамі левай рукі выцягвала валакно з кудзелі і адначасна трыма пальцамі правай рукі круціла верацяно. Калі выпрадзеная нітка дасягала даўжыні выцягнутай рукі, пралля накручвала нітку на пальцы левай рукі, а потым на верацяно. І на верхняй яго частцы замацоўвала пятлёй.

Каб "перадаць" толькі што народжанай дзяўчынцы навыкі прадзення і ткацтва, каб яна была працавітай, пупавіну пераразалі на верацяне.

Верацяно ў шэрагу іншых вострых рэчаў выступала абярэгам ад нячыстай сілы: яго клалі ў калыску дзіцяці ці вешалі пры галаве. У той жа час існавала строгая забарона даваць верацяно дзіцяці ў рукі. Лічылася, што калі дзіця ўколецца аб верацяно, то спыніцца ў росце ці будзе расці ў шырыню.

На працягу года існаваў шэраг абмежаванняў на выкарыстанне верацяна. Так, паўсюдна існавала забарона прасці ў пятніцу. А напярэдадні вялікіх святаў з хаты выносілі прылады ткацтва. Да Раства трэба было абавязкова схаваць верацяно, прычым на яго неабходна было накруціць паболей нітак, каб наступны год быў такім жа «поўным», спрыяльным.

Цікавая традыцыя звязана з забаронай пакідаць верацёны на Каляды – бо знаходжанне іх навідавоку абяцала сустрэчу змей улетку (казалі: “верацёны вужамі пойдуць у лес”). Існуе таксама і легенда пра змяю-верацяніцу, што паўстала з верацяна, якім ткалі на Каляды. Відаць, падабенства рухаў кручэння верацяна і змяі паслужылі падставай іх актыўнага збліжэння ў народных уяўленнях.

Напрыканцы ХІХ – пачатку ХХ стагоддзя яшчэ выкарыстоўваўся спосаб прадзення на верацяне, але ўжо існавала самапралка (ці калаўрот), што значна палегчыла працу жанчыны.

У экспазіцыі Музея ткацтва прадстаўлены верацёны сярэдзіны ХХ ст.  Некаторыя верацёны маюць свайго аўтара.