Грэбень

Грэбень (друка) – прылада для часання валакна. Вядомы драўляныя (найбольш старажытныя), якія вырабляліся з аднаго кавалка дрэва (асіны, бярозы), і металічныя грабяні. На поўдні і на ўсходзе Беларусі быў распаўсюджаны драўляны грэбень лапатападобнай формы з выразаным зуб’ем, на поўначы (Віцебшчына, паўночныя раёны Міншчыны і Магілёўшчыны) – грэбень з набітым драўляным зуб’ем. На ўсёй тэрыторыі Беларусі сустракаюцца грабяні з металічным зуб’ем. Лапатападобны тып выраблялі з аднаго кавалка дрэва; на лопасці (шырынёй 20–30 см) праразалі зуб’е (20–25 см), лопасць пераходзіла ў ручку (80–90 см; звычайна ручку клалі на ўслон і садзіліся на яе). Прамавугольныя грэбні ўяўлялі сабой дошку (даўжынёй 1 м і шырынёй 30–40 см), у цэнтры якой прымацоўвалі дошчачку з набітым на ёй драўляным зуб’ем. Асноўнымі раёнамі распаўсюджвання грэбня такога тыпу была поўнач Беларусі (Віцебшчына, паўночная частка Мінскай губерні).

У другой палове XIX стагоддзя былі пашыраны грабяні з металічным зуб’ем, набітым пасярэдзіне або на абодвух канцах дошкі (рэдкае і частае). У заможных гаспадарках грабяні звычайна купляліся гатовыя, асноўная ж маса сялянства карысталася самаробнымі грабянямі, у якіх замест металічнага зуб’я набіваліся цвікі. Прычым металічныя грабяні былі больш дасканалыя, бо ў іх зуб’е набівалася з двух канцоў дошкі: з аднаго – густа, з другога – радзей. У такім выпадку валакно часалася два разы: спачатку на рэдкім зуб’і, а потым на густым, што павышала якасць валакна.

У экспазіцыі Музея ткацтва прадстаўлена некалькі відаў грэбняў. Гэта грэбень лапатападобнай формы з Ушацкага раёна, які датуецца 1930–1950 гг.; падобны да яго, але з ўзвышшам пасярэдзіне дошкі з набітымі цвікамі для лепшага часання (паходзіць з Міёрскага раёна); невялікі драўляны грэбень, па форме падобны на грэбень для расчэсвання валасоў (Верхнядзвінскі раён, пачатак XX ст.); а таксама драўляная льночасалка – «дручка» (Полацкі раён, пачатак XX ст.).

Для атрымання высакаякаснага валакна выкарыстоўвалі спецыяльную шчотку (шчэць), якая выраблялася са свінога шчаціння, звязанага ў пучкі. Каб шчацінне не рассыпалася, з аднаго боку пучок пакрываўся смалой. У экспазіцыі музея прадстаўлена шчотка для часання ільну са звязанага ў пучок шчаціння з ручкай, якая аплецена тонкай вяроўкай, з пятлёй на канцы. Акрамя таго, на Віцебшчыне былі распаўсюджаны шчоткі са скуры вожыкаў – для атрымання вельмі тонкага валакна.

 

Спіс літаратуры

  1. Помнікі этнаграфіі
  2. «Ой, лянок, лянок мой чысты, валакністы, залацісты!»: літаратурна-этнаграфічная гасцёўня (VII–VIII класы) // Сцэнарыі святаў на беларускай мове. – Рэжым доступу: http://xn--80azkbz6b.xn--80ahe1ag.xn--90ais/roznyja/oj-lyanok-lyanok-moj-chystybrvalaknisty-zalacisty. – Дата доступу:
  3. Грэбень // Ганцавіцкі краязнаўча-інфармацыйны партал. – Рэжым доступу: http://www.gants-region.info/index/grehben/0-2219.  – Дата доступу:
  4. Промыслы і рамёствы Беларусі
  5. Курилович, А. Н. Белорусское народное ткачество / А. Н. Курилович. – Минск: Наука и техника, 1981. – 120 с.