Дрэва жыцця

У аснове экспазіцыі Музея ткацтва – стылізаваная выява Дрэва жыцця, або Сусветнага Дрэва, з дапамогай якога паказана мадэль рамяства ткацтва. Яно сімвалізуе вечнасць і бясконцасць, звязвае чалавека з Сусветам. Стылізаваныя карані Дрэва жыцця ў першай зале музея ўвасабляюць месца, дзе жывуць розныя міфічныя істоты і пачвары. Ствол Дрэва жыцця, які адпавядае другой зале музея, адлюстроўвае сферу жыццядзейнасці чалавека, а стылізаваная крона ў трэцяй зале сімвалізуе сферу Космаса, Боскую сферу, месца, дзе жывуць душы нашых продкаў.

Дрэва – адно з самых высакародных стварэнняў Маці-прыроды, якая гэтым нібы падказвае пажаданую форму чалавечай душы: форму, якая дазваляе, трывала трымаючыся за зямлю (абавязкова родную), смела ўздымацца ў неба. Сапраўды, дрэва – вялікі вобраз імкнення да ідэалу, да Сонца, да Бога. Сузіранне дрэва заўсёды духоўна ачышчае i ўзвышае душу. Міралюбная магутнасць дрэва вучыць нас дабрыні i бескарыслівасці.

Дрэва жыцця (Сусветнае Дрэва, Касмічнае Дрэва, Прадрэва) у беларускай міфалогіі з’яўляецца міфапаэтычным вобразам, які выяўляе ўніверсальную канцэпцыю жыцця ва ўсіх яго праявах: нараджэнне – максімальная стадыя развіцця – смерць – новае нараджэнне. У аснове вобраза маглі быць дрэвы, якія валодалі асаблівымі якасцямі, такімі, як даўгавечнасць, вялізныя памеры, а таксама шырокае ўжыванне ў розных практыках. У беларускіх народных уяўленнях гэта дуб, явар і жаночая пара да іх – ліпа. З жаночых дрэваў таксама асаблівай жыццёвай сілай надзяляліся вярба і бяроза, дзякуючы вялікай жыццяздольнасці гэтых дрэваў.

У народнай культуры названыя дрэвы сімвалізавалі плоднасць, выкарыстоўваліся як сродак павелічэння жыццёвай моцы, як абярэг, здольны засцерагчы чалавека і яго маёмасць ад уздзеяння дрэнных сіл, а таксама станавіліся сімваламі роду, звязвалі жывых са светам памерлых, чалавека са знешнім светам. Ідэя жыццясцвярджальнага пачатку, увасобленая ў Дрэве жыцця, прысутнічае і ў міфапаэтычных матывах першанароджанага дрэва (дуба, явара), а таксама ў веры пра магчымасць паходжання чалавека ад дрэва ці з дапамогаю яго ўздзеяння (на беларускім матэрыяле яна прасочваецца ў легендах і казках).

Першая зала музея адлюстроўвае ўсе асноўныя этапы апрацоўкі льну праз цыклічнасць года. Цэнтральнае месца у ёй займаюць карані Дрэва жыцця, якія ўвасабляюць жыватворны пачатак Маці-сырой зямлі. Але разам з тым дрэвы (асабліва карані) успрымаліся і як месца існавання дэманічных істот (лесавіка, русалкі, чорта, увасабленняў хваробаў ды інш.). Падобныя ўяўленні знайшлі пэўны адбітак у этыялагічных міфах пра названыя дрэвы. Шырока вядомыя таксама матывы беларускіх баладаў пра загубленых закаханых, якія працягваюць кахаць адзін аднаго ў выглядзе дрэў, што, вырастаюць з магіл і сплятаюць свае галіны.

Каля дрэваў, якія сімвалізуюць Дрэва жыцця, здзяйсняліся абрады, вырашаліся важныя маральна-прававыя пытанні. У фальклорных творах прысутнасць такіх дрэваў служыла сродкам вылучэння месца і надавала асаблівую вызначанасць падзеям, што адбываліся каля дрэва. А ў велічальных песнях – узвялічвала тых людзей, якім яны спяваліся. З цягам часу вобраз Дрэва жыцця пачаў набываць і чыста эстэтычнае значэнне. Менавіта таму другая зала музея адпавядае ствалу Дрэва жыцця – чалавечай прасторы, і дэманструе сувязь чалавека з прыродай. Ручнік жа ўяўляецца як ўвесь жыццёвы шлях чалавека.

Дрэва суадносіцца і з натурфіласофскаю стыхіяй агню ўжо хаця б таму, што яно добра гарыць, дае святло i цяпло. Сама крона дрэва падобная на полымя. Менавіта таму крона Дрэва жыцця ў трэцяй зале музея прадстаўлена вялікай жырандоляй. Праз усю разнастайнасць і багацце традыцыйных беларускіх ручнікоў адлюстравана сувязь чалавека і продкаў, душы якіх жывуць менавіта ў кроне Сусветнага Дрэва. Распаўсюджанай з’явай было размяшчаць выявы Дрэва жыцця на беларускіх традыцыйных ручніках. Такія ручнікі прадстаўлены і ў экспазіцыі музея. Само Дрэва жыцця ўяўляла цэлы род, а кожная яго галінка – асобную сям’ю гэтага роду.

Такім чынам, Прадрэва, як вось свету, спалучае, арганізуе ўсё вакол сябе. Яно займае цэнтральную частку музейнай прасторы. Па вертыкалі ў ім адрозніваюць тры часткі, па гарызанталі – чатыры (бо знаходзіцца яно пасярод свету, які разгортваецца ад дрэва ў чатыры бакі, у чатырох напрамках). Па вертыкалі Дрэва жыцця мадэлюе асноўныя касмічныя зоны: Зямля – Неба, Зямля – Апраметная, агонь (сухое) – вільгаць (мокрае), мінулае – сённяшняе, сённяшняе – будучае, дзень – ноч... Пары гэтыя перамяжаліся ў структуры дрэва з траістымі адзінствамі (мінулае – сапраўднае – будучае; продкі – сучаснікі – нашчадкі; тры часткі цела: галава, тулава, ногі). Пары i тройкі абдымалі, такім чынам, самыя розныя сферы.

  1. Па матэрыялах энцыклапедычнага слоўніка «Этнаграфія Беларусі».
  2. І.А. Швед Сімволіка дзікарослых дрэў у беларускім фальклоры. – [Электронны рэсурс]. – Рэжым доступа: https://elib.bsu.by/bitstream/123456789/13574/1/shved%203-7.pdf. – Дата доступа: 10.01.2021.
  3. Шамякіна, Т.І. Міфалогія Беларусі (нарысы) / Т.І. Шамякіна. – Мінск: Маст. літ., 2000. – 400 с.