Збаны

Вытокі керамічнай вытворчасці на тэрыторыі Беларусі сягаюць у глыбокую старажытнасць. У беларускіх сёлах і гарадах працавалі тысячы ганчароў, цацачнікаў, кафляных спраў майстроў. Керамічная вытворчасць у Беларусі існавала паўсюль, дзе былі залежы прыродных глін. Масавая вытворчасць керамікі на тэрыторыі Беларусі адносіцца да эпохі неаліту [2, с. 33]. Беларускае народнае ганчарства характарызуецца ўстойлівымі вытворчымі традыцыямі з выразнымі лакальна-тэрытарыяльнымі асаблівасцямі ў тэхналогіі апрацоўкі і фактуры, формах і назвах вырабаў, прыладах працы. Па асаблівасцях традыцыйнай фактуры, якая атрымлівалася пры вырашэнні пэўных тэхналагічных задач – змяншэння порыстасці і водапранікальнасці керамікі, – на тэрыторыі Беларусі вылучаюцца два рэгіёны: паўднёвы і паўночны (сюды ўваходзіць Віцебшчына) [1, с. 81].

Спарышы

Керамічныя вырабы трывала ўвайшлі ў побыт насельніцтва Беларусі. На працягу тысячагоддзяў удасканальваліся іх формы і асартымент. У XIX – пачатку XX ст. асабліва глыбокай традыцыйнасцю і ўстойлівасцю форм вызначалася кераміка вясковых ганчароў-гаршкалепаў. Яны выраблялі кухонны посуд для ўласных патрэб, а таксама на продаж у навакольных паселішчах.

Паводле функцыянальнага прызначэння беларуская народная кераміка падзяляецца на асобныя групы: кухонны посуд (для гатавання ежы), посуд для захоўвання і транспартавання прадуктаў і ежы, сталовы посуд, сасуды для піцця, гігіенічны посуд, дэкаратыўная кераміка (для аздаблення інтэр’ера), архітэктурна-будаўнічая кераміка, вырабы рознага гаспадарчага ўжытку, цацкі [1, с. 88–89]. У экспазіцыі Музея традыцыйнага ручнога ткацтва Паазер’я ёсць некалькі відаў керамічных вырабаў, але мы распавядзем пра найбольш цікавыя з іх.

Гляк

Гляк (глячок, ляк, лячок, агляк, глёк, зялянік, банька, бунька) – ёмістасць шарападобнай формы з вушкам, з вузкім горлам і дзюбкай. Звонку гляк пакрыты палівай зялёнага колеру. Гляк выкананы прыкладна ў 1930 – 1950 гг. у Віцебскай вобласці невядомым ганчаром. Звычайна гляк меў адно, радзей – два вухі. Часам да яго прымацоўвалі дзве пары дугападобных ручак, праз якія прасоўвалі вяроўку. Выкарыстоўваўся гэты посуд для транспартавання і захоўвання вадкасцей [1, с. 91].

Берасцень

Распаўсюджаным відам керамічнага посуду былі збаны (збанок, жбан, кушын, кукшын, глечык). Гэта сасуд з пукатымі бакамі і звужаным горлам. Збан меў вуха і носік-лейку (лейка, дзюб, рыла, сычык), ужываўся для малака і іншых вадкасцей [1, с. 92]. Для захавання ежы халоднага прыгатавання збаны маглі абгортвацца бяростай, якая надавала трываласць і зніжала цеплаправоднасць сценак. У гэтым выпадку такі збан называўся берасцень. Яны былі найбольш пашыраны на Паазер’і. Берасцяную аплётку маглі рабіць і для пашкоджанага посуду, але яго ўжо нельга было ставіць у печ. У экспазіцыі Музея прадстаўлены збан-берасцень, аздоблены светла-зялёнай палівай, датуецца 1940-мі гг.

Берасцень

Яшчэ адным цікавым відам керамічнага посуду з’яўляюцца спарышы (блізняты, двайнікі, дваякі, парнікі, паркі) – звычайна два, радзей тры або чатыры невялікія гаршкі з агульнай дугападобнай ручкай. Паміж гаршкамі рабілі сальнічку. Ужываліся спарышы для нашэння ежы ў поле ў паўночным рэгіёне і на паўднёвым захадзе Беларусі [1, с. 91]. Спарыш, які знаходзіцца ў экспазіцыі Музея ткацтва, мае два шарападобныя гаршкі з агульнай ручкай і аздоблены палівай, выраблены ён быў ў г. Глыбокае ў 1930-я гг.

Спарышы

Такім чынам, керамічны посуд можа шмат паведаміць пра асаблівасці развіцця ганчарнага рамяства і культурныя традыцыі Паазер’я. Мы распавялі вам пра найбольш цікавыя віды збаноў з экспазіцыі Музея ткацтва, але прапануем вам завітаць да нас і больш падрабязна пазнаёміцца з імі і іншымі экспанатамі.

Спіс літаратуры:

  1. Помнікі этнаграфіі: Методыка выяўлення, апісання і збірання / Беларус. добраахвот. т-ва аховы помнікаў гісторыі і культуры, Сектар этнаграфіі Ін-та мастацтвазнаўства, этнаграфіі і фальклору АН БССР; Пад рэд. В.К. Бандарчыка. – Мн.: Навука і тэхніка, 1981. – 150 с., іл.
  2. Сахута, Е. М., Говор, В. А. Художественные ремесла и промыслы Белоруссии / Е. М. Сахута, В. А. Говор. – Мн.: Наука и техника, 1988. – 270 с.: ил.