Маляванка

Дэкаратыўнае мастацтва роспісу па палатне на Віцебшчыне актыўна развівалася ў 1920—1960 гады, у час імклівай урбанізацыі і збліжэння гарадской і вясковай культур. Гэта час, калі традыцыйны ўклад жыцця мадэрнізуецца, а ў народны побыт пранікаюць новыя рэчы і спосабы іх аздаблення. У гарадскім і вясковым жыллі асобую значнасць набывае дэкарацыя ложка, для чаго выкарыстоўваюцца тканыя, вышываныя і маляваныя дываны. Тэхналогія маляваных дываноў аказалася найбольш мабільнай для выканання дадзенага сацыяльнага заказу і прыдатнай для распрацоўкі дэкору.

У гэтай галіне народнага жывапісу сфарміравалася ўласная паэтыка ідылічнай карціны свету з характэрнымі для яе маляўніча-пластычнымі метафарамі раю. Гэтыя вырабы калісьці дарылі «на шчасце» ў беларускіх вёсках да вяселля. За красу і гармонію ідылічных сюжэтаў ды раслінных матываў яны атрымалі ў народзе ласкавую назву «маляванкі».

Кампазіцыя дываноў часцей за ўсё ўяўляе размешчаны ў цэнтры букет кветак у вазе, кошыку ці перавіты стужкай. Гэты цэнтральны малюнак, як правіла, мае раслінна-арнаментальнае акаймленне па краях — гірлянду з кветак і лісця, або аздоблена рассыпанымі па ўсім полі і скіраванымі да цэнтра букетамі. Таксама ў кампазіцыю ўключаліся выявы птушак: ластавак, галубоў, паваў, зязюль — і, як правіла, ініцыялы аўтара ці заказчыка.

Існавалі таксама «эканом-варыянты» дываноў: паўдываны — з аднаго палотнішча і макаткі — з палавіны палотнішча. Гэтым малым формам былі ўласцівы кампазіцыі з парамі львоў, аленяў, галубоў, выкананых у звыклай наіўна-рэалістычнай манеры.

Ад арэала паходжання дываноў залежала і тэхніка малюнка. Напрыклад, у Докшыцкім раёне ўжывалі клеевыя фарбы. Таму мясцовыя маляваныя дываны адрозніваюцца надзвычайнай дэкаратыўнасцю і ўмоўнасцю, моцнымі лакальнымі колерамі без паўтонаў і пераходаў.

Маляваныя дываны з другіх раёнаў Віцебскага рэгіёна выкананы алейнымі фарбамі. Таму яны адлюстроўваюць імкненне да рэалізму — у іх больш дэталёва намаляваны пялёсткі кветак, лісце, абрысы жывёл і птушак.

Абавязковым кампанентам дыванковых краявідаў з Віцебшчыны была водная стыхія, што тлумачыцца геаграфічнымі асаблівасцямі прыроднага асяроддзя, а таксама выкарыстоўваліся выявы гісторыка-культурных помнікаў рэгіёна.

Сярод мастакоў, што працавалі ў дадзенай тэхніцы, трэба адзначыць Язэпа Драздовіча (1888—1954), Алену Кіш (1889(?)—1949), Ніну Бохан (1917—1980(?)), Фёдара Сухавілу (нар. 1917) і інш.

Яскравым прыкладам мастацтва роспісу на палатне з’яўляецца маляваны дыван, што экспануецца ў другой зале Музея традыцыйнага ручнога ткацтва Паазер’я. На яго аснове, што ўяўляе сабой кавалак даматканай тканіны чорнага колеру, тканай саржавым перапляценнем, па цэнтры размешчана выява пышнага букета з ружовых руж, сініх і жоўтых браткаў, белых рамонкаў і лісця ў невысокім карычневым вазоне. Вакол гэтай цэнтральнай выявы размяшчаецца шырокі кветкавы бардзюр з буйных ружовых, чырвоных і малінавых руж з лісцем, гронак сіняга і белага бэзу. Памер твора — 97,0х137,0 см.

Маляванка паходзіць з тэрыторыі Віцебскай вобласці і датуецца 1950—1960 гг. На жаль, аўтар дадзенага твора нам невядомы. Маляванка была закуплена Нацыянальным Полацкім гісторыка-культурным музеем-запаведнікам у 1996 г. у Т. У. Радчыкавай.

Літаратура

  1. Вакар, Л. У. Традыцыі маляваных дываноў на Віцебшчыне / Л. У. Вакар // Народная культура Віцебшчыны: вывучэнне, захаванне, папулярызацыя: матэрыялы навукова-практычнай канферэнцыі, прысвечанай 165-годдзю Н. Ф. Нікіфароўскага, 21 мая 2010 г. — Мінск: Нацыянальная бібліятэка Беларусі, 2021. — С. 33—42.
  2. Карнеева, Т. Г. Маляваныя дываны Глыбоччыны / Т. Г. Карнеева // Народная культура Віцебшчыны: вывучэнне, захаванне, папулярызацыя: матэрыялы навукова-практычнай канферэнцыі, прысвечанай 165-годдзю Н. Ф. Нікіфароўскага, 21 мая 2010 г. — Мінск: Нацыянальная бібліятэка Беларусі, 2021. — С. 54—58.
  3. Русаковіч, Н. Песня аб райскім жыцці. Маяваныя дываны Алены Кіш / Н.Русаковіч. — Мінск: Беларусь, 2013. — 70 с.
  4. Язэп Драздовіч. — Мінск: Беларусь, 2013. — 94 с.— (Серыя «Славутыя мастакі з Беларусі»).