Сявенька

Сярод прылад, што выкарыстоўвалі нашы продкі падчас веснавой сяўбы, значнае месца адводзілася простай плеценай ёмістасці, што мела назву сявенька (лакальныя назвы: сявалка, сяўня, каробка).

Сявенькі рабілі з саломы, лазы, лубу (кары ліпы ці вяза), тонкай хваёвай дранкі і інш., дно з тонкай дошкі. Сустракаліся сявенькі палатняныя (каркас з тонкіх дубцоў, расшчэпленых папалам, дно дашчанае, з тонкіх драўляных клёпак). У залежнасці ад таго, з чаго выраблялі сявеньку, яна атрымлівала сваю асаблівую назву: сявенька-лубка (выраблялі яе з кары ліпы, вяза ці тонкіх дранак з сасны); сявенька-леска (драўляную аснову сявенькі абцягвалі палатном, дно рабілі з дошчачак ці фанеры). Значна радзей сустракаліся сявенькі з тонкіх драўляных клёпак. Для гэтага спачатку згіналі два абручы, а да іх прымацоўвалі клёпкі. Найбольш пашыраны былі саламяныя сявенькі.

 

Сявенька з экспазіцыі Музея ткацтва. Выканаўца невядомы. 1930-1950 гг. Браслаўскі раён, Віцебская вобл., БССР.

Сявенькі мелі разнастайную форму: круглую, авальную, прамавугольную, пяцівугольную; былі звычайна крыху расшыраныя ўверсе. Сярэднія памеры сявенькі: вышыня 17—26 см, даўжыня 36—60 см, шырыня 33—36 см. Для пераносу служылі «вушы» (са скуры, пянькі, дроту), да якіх прывязвалі рэмень, вяроўку, зрэдку ручнік, што надзяваліся праз плячо, на шыю (каб можна было сеяць дзвюма рукамі).

У экспазіцыі першай залы Музея традыцыйнага ручнога ткацтва Паазер’я прадстаўлены дзве плеценыя сявенькі невядомых майстроў, што датуюцца 1930—1950 гг. Адна з іх паходзіць з Браслаўскага раёна, другая — з в. Верхні Пасёлак Полацкага раёна Віцебскай вобласці.

З надыходам вясны нашы продкі пачыналі працу ў полі. Падрыхтоўка зямлі для сяўбы і сама сяўба зяўляліся, бадай што, важнейшай часткай народнага календара, вакол якой склаўся цэлы комплекс традыцыйных аграрных ведаў, назіранняў, прыкмет, прымавак, прыказак, абрадавых дзеянняў і вераванняў. Адкрыццё сяўбы (засеўкі) нярэдка злівалася разам з вясновым ворывам у адзіным працоўным і абрадавым цыкле і прыходзілася, гледзячы па абставінах, на другую палову красавіка — пачатак мая. «Зязюлька вымавіць «ку-ку», тады і сей на ўсю руку».

Замалёўка. (автор — Алёна (проект «Зарисовки в путешествии», руководитель Вероника Понизник)).

Літаратура

  1. Помнікі этаграфіі: методыка выяўлення, апісання і збірання / Беларус. добраахвот. т-ва аховы помнікаў гісторыі і культуры, Сектар этнаграфіі Ін-та мастацтвазнаўства, этнаграфіі і фальклору АН БССР; пад рэд. В.К. Бандарчыка. — Мінск: Навука і тэхніка, 1981. — 150 с.
  2. Цітоў, В.С. Этнаграфічная спадчына: Беларусь: традыцыйна-бытавая культура / В.С. Цітоў.  — 2-е выд. — Мінск: Беларусь, 2001. — 207 с.