Трапло

Як заўжды, пакамечаную трасту вытрасалі, прасушвалі на печы, а пасля пачыналі трапаць – г. зн. ачышчалі ад дробных кавалачкаў кастры. Беларусы, як і іншыя славянскія народы, са старажытных часоў для гэтай мэты выкарыстоўвалі спецыяльнае прыстасаванне – трапло («трапушка», «трапачка», «трапышка»). Па археалагічных дадзеных, трапло на тэрыторыі ўсходніх славян было вядома ўжо ў VII ст. Яно ўяўляла сабой тонкую дошчачку прыкладна 40–45 см даўжынёй і 6–8 см (часам трохі больш) шырынёй. У канцы XIX – пачатку XX стагоддзя на тэрыторыі Беларусі былі распаўсюджаны два асноўныя тыпы трэплаў – мечападобнае і лапатападобнае. Трапло мечападобнай формы было распаўсюджана ў асноўным на поўдні Беларусі; трапло лапатападобнае – у паўночных і ўсходніх раёнах. Спосаб трапання і форма прылады былі ўзаемазвязаны. Там, дзе трапалі валакно на падстаўцы, выкарыстоўвалі трапло мечападобнай формы (цэнтральная і паўднёвая Беларусь), а таксама падстаўку («трапачку»).

Там, дзе валакно трапалі без падстаўкі, выкарыстоўвалі лёгкае лапатападобнае трапло (поўнач і ўсход Беларусі). Жанчына ў левай руцэ трымала жменю валакна, а правай біла траплом па валакну. Часам жа яна адначасова размахвала валакном і траплом, б’ючы іх адно аб аднаго.

У працэсе трапання разам з кастрыцай адбівалася і самае нізкаякаснае валакно – «патропкі», «пакуль», «патрыпкі», «вал» і інш. Такое валакно ішло на выраб мешкавіны і гаспадарчыя патрэбы.

За дзень у памяшканні, дзе трапалі лён, усё пакрывалася шэрым пылам – не прадыхнуць. Але гаспадыня цярпела, ведала: добра патрапанае валакно лягчэй часаць.

Сёння ў экспазіцыі Музея ткацтва прадстаўлены прылады працы, звязаныя з апрацоўкай лёну, у тым ліку і трапло, якое ў свой час можна было сустрэць у кожнай вясковай хаце. З усіх прадстаўленых музейных прадметаў, толькі ў лапатападобнага трапла вядомы аўтар – Пётр Сцяпанавіч Тоўкач з вёскі Боўкалы Шаркаўшчынскага раёна.

У наш час многія не ведаюць прамое значэнне слова “трапло”. Але яно часта ўжываецца як лаянка. Сёння траплом называюць чалавека балбатлівага і ілжывага, які можа разбалбатаць што-небудзь, прагаварыцца пра што-небудзь.

Літаратура

1. Курилович, А. Белорусское народное ткачество / А. Курилович. – Минск: Наука и техника, 1981. – С. 119.

2. Маляўка, М. Сядзіба, або Хата з матчынай душою: абразкі, вершы / Мікола Маляўка. – Мінск: Юнацтва, 2002. – С. 143.

3. Промыслы і рамёствы Беларусі / [В.К. Бандарчык, В.С. Цітоў, Л.І. Мінько і інш.]. – Мінск: Навука і тэхніка, 1984. – С. 192.