Ільнамялка

Церніца (мялка, мяліца, мячка, ільнамялка) – прылада для мяцца ільну, з дапамогай якой аддзялялі ільняное валакно ад цвёрдай часткі сцябла (кастры, кастрыцы). Пасля абрывання ільняных галовак, вымочвання і прасушвання ільну, прыступалі да яго мяцця. І рабілі гэта менавіта з дапамогай церніцы.

На Беларусі вядомы чатыры тыпы церніц: нахільная, зробленая са ствала дрэва, двухрэбравая, аднарэбравая і гарызантальная, збітая з дошак. Але найбольшае распаўсюджанне атрымалі толькі два асноўныя тыпы церніц: нахільная і гарызантальная. Кожны тып меў свой арэал распаўсюджання. Абодва тыпы церніц не лакалізаваліся толькі ў межах Беларусі. Напрыклад, нахільная двухрэберная церніца, пашыраная на поўначы Беларусі, вядома таксама на захадзе Літвы, Латвіі і Расіі. Аднарэберная церніца, характэрная для ўсходняй часткі Беларусі, вядома таксама і на Смаленшчыне.

На астатняй частцы Беларусі, у прыватнасці на Палессі і ў цэнтральных раёнах, была распаўсюджана гарызантальная аднарэберная церніца. Церніца такога тыпу пашырана ў балгар і ў іншых паўднёваславянскіх народаў. Гарызантальная церніца ў адрозненне ад названых вылучаецца некаторымі канструкцыйнымі асаблівасцямі. Так, на ўсходзе Беларусі вядома церніца-двухручка. На ёй маглі працаваць адначасова дзве жанчыны. На паўднёвым усходзе вядомы «карагоды» – чатыры церніцы, злучаныя разам.

У экспазіцыі Музея ткацтва знаходзіцца дзве ільнамялкі. Адна церніца драўляная гарызантальная, набытая ў в. Валкалата Докшыцкага раёна. Яна выкарыстоўвалася для пярвічнай апрацоўкі льняной ці канаплянай трасты. Другая церніца выканана ў 1880 – 1930 гг. з цэльнага ствала дрэва, але нахіленная, набыта ў в. Алесіна Полацкага раёна. Яна выкарыстоўвалася для размягчэння ільнянога валакна.

Працавалі на церніцы наступным чынам. Пучок добра высушаннага лёну безнасенных скарыначак – «трасты» клалі папярок бервяна церніцы і ўціскалі бічом у шчыліну, з-за чаго кастрыца ламалася.  Біла ўздымалі, перасоўвалі пучок і зноў націскалі бічом. Калі кастрыца на большай частцы сцябла здрабнялася, пучок пераварочвалі, бралі за другі канец і прараблялі ўсё зноў. Затым трасту заціскалі бічом і прадзёргівалі, каб выдаліць кастрыцу і абарваныя валокна.  Пасля гэтага атрымлівалі чыстае ільняное валакно, якое затым трэба было патрапаць і часаць, каб атрымаць кудзелю. Але аб гэтым у наступных выпусках.

Спіс літаратуры

  1. Мялка [Электронны рэсурс]. – Рэжым доступа: http://kizhi.karelia.ru/opr/=%D0%9C%D1%8F%D0%BB%D0%BA%D0%B0. – Дата доступа: 29.04.2021.
  2. Помнікі этнаграфіі: Методыка выяўлення, апісання і збірання / Беларус. добраахвот. т-ва аховы помнікаў гісторыі і культуры, Сектар этнаграфіі Ін-та мастацтвазнаўства, этнаграфіі і фальклору АН БССР; Пад рэд. В.К. Бандарчыка. – Мн.: Навука і тэхніка, 1981. – 150 с., іл.
  3. Промыслы і рамёствы Беларусі / [В. К. Бандарчык, В. С. Цітоў, І. Мінько і інш.]. – Мн.: Навука і тэхніка, 1984. – 192 с., іл.