Вышыўка – «жаночы занятак»?

Вышыўка - гэта мужчынскі ці жаночы занятак? Вышыванне, ці годны гэты занятак, для сучаснага мужчыны? З гэтых пытанняў пачалася тэматычная экскурсія ў музеі для навучэнцаў Педагагічнага каледжу «Вышыўка – «жаночы занятак»?»

Пазнаёміўшыся з экспазіцыяй музея і выстаўкай «Свет жаночага майстэрства», навучэнцы каледжу даведаліся, што традыцыйна ў беларусаў вышыўка была толькі жаночым заняткам. Уклад жыцця быў такі, што мужчына – воін, працаўнік і здабытчык, а жанчына – захавальніца хатняга ачага, хатняя гаспадыня. І вышыўка крыжыкам лічылася рамяством хатнім, працай па гаспадарцы. Дзяўчынкі з малых гадоў пераймалі гэта ўменне ад маці, паступова вышываючы розныя рэчы ў свой будучы пасаг. На прыкладзе фальклорна-этнаграфічных матэрыялаў падчас экскурсіі, было паказана, што ў сістэме традыцыйнай культуры занятак прадзеннем, ткацтвам, вышыўкай структураваў жыццё жанчыны, з'яўляўся для яе інстытутам сацыялізацыі і засваення гендэрных стэрэатыпаў.

Пераканацца ў тым, што ў сучасных умовах, мужчіны і жанчыны, фізічна і фізіялагічна могуць выконваць аднолькавую працу, і вышыўка ўжо даўно не лічыцца «жаночым заняткам» дапамог запрошаны госць – Аляксей Чыкалін – які правёў майстар-клас па вышыўцы. Для Аляксея, вышыўка, стала спачатку лекавым сродкам, а пазней і асноўным хобі. Хлопцы і дзяўчаты пазнаёміліся з некаторымі работамі Аляксея. Тэматыка яго вышывак вельмі разнастайная: пейзажы, японскія матывы, архітэктурная тэматыка і інш. Моладзі было цікава першы раз трапіць на майстар-клас па вышыўцы, які праводзіў мужчына. Аляксей Чыкалін і сам першы раз апынуўся ў новай ролі. Шмат пытанняў было зададзена Аляксею: навошта вышываць, с чаго пачалося гэта захапленне, мужчына і вышыўка.., як да такога захаплення ставяцца сябры і знаёмыя, ці ёсць розніца ў выбары тэматыцы вышывак паміж жанчынамі і мужчынамі, што б ён ніколі б не вышыў… Падчас майстар-класа было заўважна, што некаторыя хлопчыкі, засвоіўшы вышыўку крыжыкам, вышывалі нават больш акуратна і дбайней, чым дзяўчынкі.

Экскурсія ў музеі ператварылася ў сапраўдную дыскусію. Яна паказала, што сёння мужчыны і жанчыны выконваюць розныя сацыяльныя ролі, і ў грамадстве існуе меркаванне, што паміж імі маюць месца адрозненні, якія апраўдваюць гэтыя ролі. Аднак, у сучасным свеце такія традыцыйныя ролі абмяжоўваюць не толькі жанчын, але і мужчын. А ў кожнага чалавека незалежна ад полу ёсць права і магчымасць развіваць любыя свае здольнасці.

Больш інфармацыі аб Аляксеі Чыкаліне глядзіце тут:
http://www.gorod214.by/news/1046987
http://novopolock.ru/news/novosti/30-mestnaya-zhizn/812-nagrada-nashla-svoego-geroya.html

617