Прыйшлі калядкі – зімовыя святкі!

На вуліцы канец снежня – самая пара адзначаць калядныя святы. Няма снега і траскучых маразоў, аднак гэта не азначае, што да нас не завітала Каляда.

26 снежня ў музеі адбылася цікавая сустрэча. Кожны, хто прыйшоў у гэты дзень да нас, змог пабыць і гледачом, і самым непасрэдным удзельнікам арганізаванай імпрэзы “Ехала Каляда з Полацку...”. Наведвальнікі мерапрыемства даведаліся аб старажытных традыцыях святкавання Калядаў на Беларусі. Для маладых дзяўчат асабліва захапляльнай і інтрыгуючай аказалася варажба на будучы год, на хуткае замужжа. Пасля правядзення адпаведных дзеянняў, высветлілася, што ніводная дзяўчына на доўга не застанецца “ў дзеўках”, хутка пабярэцца шлюбам.

Не меншую цікавасць выклікала і магчымасць стаць сапраўдным майстрам выцінанкі – павыразаць з паперы дзіўныя навагоднія ўпрыгажэнні пры святле газавых лямпаў і свечак. Паўзмрочнае, прыглушанае асвятленне стварала адчуванне цеплыні і ўтульнасці.
Аднак у хуткім часе цішыня і супакой былі парушаны грукатам у дзеры і гучным спевам калядоўшчыкаў. Дрэсіраваная Каза, зусім “ручны” Мядзведзь паказвалі такія ”штукі”, што не маглі не здівіць гледачоў. Мілагучнымі аўтэнтычнымі спевамі, шчырымі пажаданнямі, рухавымі гульнямі і карагодамі – вось чым парадавалі нас калядоўшчыкі.

І сапраўды, Каляднае свята ўдалося на славу!

Выказваем шчырую падзяку калядоўшыкам (фальклорнаму гурту “Варган” пад кіраўніцтвам Емельянчык В.А.) і студэнтам Полацкага каледжа УА “ВДУ імя П.М.Машэрава”, якія дапамагалі нам у арганізацыі свята.

771