У Музей ткацтва завіталі валачобнікі

У Музеі традыцыйнага ручнога ткацтва Паазер’я правялі свята «Ішлі-пайшлі валачобнічкі». Жыхароў і гасцей горада запрасілі ўзгадаць старажытны звычай, прымеркаваны да Вялікадня і вясновага росквіту прыроды. Калісьці пачаткам новага году лічылася веснавое раўнадзенства. У гэты час па вёсках з песнямі і музыкай хадзілі гурты валачобнікаў – яны неслі радасныя весткі ў кожны дом, віншавалі і ўслаўлялі гаспадароў, зычылі здароўя, шчасця, дабрабыту. Так нашы продкі імкнуліся паспрыяць добрым пераменам і запраграмаваць лепшую будучыню.

Гадавы каляндар палачан ужо цяжка ўявіць без святаў, якія ладзіць фальклорны гурт «Варган». І без музея традыцыйнага ткацтва Паазер’я – невыпадковага месца правядзення такіх прыгожых імпрэз. Вось і зноў палачане на нейкі час апынуліся ў цэнтры беларускага мікракосмаса, дзе панавалі з цеплынёй захаваныя традыцыі.

Невялічкая лекцыя ад супрацоўнікаў музея – важная частка сустрэчы. Бо трэба ж напомніць гасцям пра Вялікдзень, яго традыцыі, сімвалы ды мясцовыя цікавосткі. А пакуль дзеці і дарослыя выраблялі паштоўкі, на парозе музея ўжо з’явіліся музыкі. Той самы каларытны «Варган», удзельнікі якога адразу ж павіталі народ святочнымі спевамі валачобнікаў.

Трэба было бачыць, як эмацыйна ўспрымалі свята ў музеі маленькія палачане, з якім імпэтам развучвалі яны гульні, песні, танцы. Дзеці паводзілі сябе абсалютна натуральна, быццам, гэта была неад'емная частка іх жыцця.

Фота: Паліна Шкляр.

690