
Падтрыманы грантам Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь аўтарскі праект «Полацкая набіванка» 6 верасня быў прадстаўлены на «Фестывалі навукі — 2025», які прайшоў у Цэнтральным батанічным садзе Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі ў Мінску.
Фестываль навукі адбыўся сёлета ў сёмы раз — і гэта найбуйнейшая навукова-папулярная падзея ў Беларусі. Маштабнае мерапрыемства, якое знаёміць мінчан і гасцей сталіцы з найноўшымі распрацоўкамі вучоных і дапамагае разабрацца ў новых ведах свету навукі і тэхналогій.
На «Фестывалі навукі — 2025» вядучы навуковы супрацоўнік Музея традыцыйнага ручнога ткацтва Паазер’я Таццяна Бараненка і старшы навуковы супрацоўнік аддзела фондаў Нацыянальнага Полацкага гісторыка-культурнага музея-запаведніка Вольга Галавырына правялі майстар-класы па набіванцы «Яскрава, як маланка, робім набіванку!», прадэманстраваўшы, што традыцыйнае рамяство – гэта складаны сінтэз ведаў. Не заўсёды навука – гэта нанатэхналогіі і камп’ютарызацыя, часам навука – жывы мост паміж мінулым і будучым, традыцыяй і навацыяй. Вось і мастацтва набіванкі – гэта захаванне і разуменне культуры народа праз дакрананне да тканіны і фарбы.
«Было невероятно интересно почувствовать себя частью данного процесса. Ты понимаешь, что каждая деталь имеет значение: сила нажима, количество краски, угол приложения штампа. Это не просто рисунок, а точная технология!», – падзялілася ўражаннямі адна з удзельніц мерапрыемства.
Паспяховы досвед правядзення майстар-класаў «Яскрава, як маланка, робім набіванку!» паказаў, што цікавасць да традыцыйных рамёстваў не згасае, а, наадварот, набывае новую глыбіню ў спалучэнні з навуковым падыходам.
Дзякуем арганізатарам за цудоўную магчымасць стаць удзельнікамі падобнага мерапрыемства!