Выстаўка сучаснай маляванкі «Квітнеючыя сады маляванкі»

З 22 мая па 26 верасня 2021 года ў Музеі традыцыйнага ручнога ткацтва Паазер'я пройдзе выстаўка сучаснай маляванкі «Квітнеючыя сады маляванкі».

Дэкаратыўнае мастацтва роспісу па палатне на Віцебшчыне актыўна развівалася ў 1920–60 гады — час імклівай урбанізацыі і збліжэння гарадской і сельскай культуры. У 20–30 гады мінулага стагоддзя амаль у кожнай вясковай хаце сцены былі ўпрыгожаны размаляванымі дыванамі. Гэтыя вырабы калісьці «на шчасце» дарылі ў беларускіх вёсках перад вяселлем. За прыгажосць і гармонію ідэальных сюжэтаў і раслінных матываў іх у народзе ласкава называлі «маляванкамі». У сваіх працах мастакі з народу ўвасаблялі як сцэны з паўсядзённага жыцця, так і фантастычны, ірэальны свет казак і легенд.

Сёння багатыя традыцыі Полацкай зямлі працягваюцца. Выстава маляванкі знаёміць нас з таленавітым сучасным майстрам гэтага віду дэкаратыўна-прыкладнога мастацтва — Таццянай Ушаковай (народны клуб «Майстар» ЦРНК, г. Полацк).

Таццяна Ушакова творчы шлях пачынала з роспісу па дрэве. Працаваць з маляванкамі пачала ў 2019 годзе. Яны прыцягваюць сваёй яркасцю і сакавітасцю фарбаў, прастатой і душэўнасцю. Для яе работ характэрныя спалучэнне раслінных узораў і сучасных сюжэтаў, звязаных з Полаччынай, жывёламі і птушкамі. Мастачка выкарыстоўвае свабодны роспіс пэндзлем і трафарэтны спосаб. Таццяна — пастаянны ўдзельнік выстаў на раённым, абласным і рэспубліканскім узроўнях.

Экспазіцыю складуць работы, створаныя аўтарам за апошнія некалькі гадоў.

867