Запрашаем на свята «Ішлі, прайшлі валачобнічкі, іграючы, спяваючы…»

8 мая (у суботу) а 13-й гадзіне Музей ткацтва і фальклорны гурт «Варган» запрашаюць на свята «Ішлі, прайшлі валачобнічкі, іграючы, спяваючы…», прымеркаванае да святкавання Вялікадня!

Вялікдзень – старажытнейшае свята ў гонар сонца, вясны, абуджэння прыроды. У эпоху хрысціянства Вялікдзень стаў прымяркоўвацца да ўваскрасення Хрыста. Традыцыйным атрыбутам гэтага свята лічыцца пафарбаванае ў чырвоны колер яйка – як сімвал жыцця і ўрадлівасці.

Галоўнай адметнасцю народнага святкавання Вялікадня на Беларусі з’яўляецца абрад абыходу двароў валачобнікамі. Звычайна гэта быў гурт мужчын, якія спявалі велічальна-віншавальныя песні і зычылі гаспадарам кожнага дома шчасця і дабрабыту. Велікодныя святы доўжыліся ўвесь тыдзень. У гэты час людзі хадзілі адно да аднаго ў госці, моладзь ладзіла танцы і гульні.

Падчас свята вас чакаюць: традыцыйны беларускі абрад «Абыход валачобнікаў», гульні, спевы, танцы.

P.S. Сябры! Мы будзем гуляць у традыцыйныя велікодныя гульні з яйкамі, таму, калі ласка, вазьміце некалькі штучак з сабой! :)

Кошт: поўны – 6 руб.

ільготны – 4 руб.

845