Прэзентацыя кнігі Веры Іванаўны Селівончык «Ткацтва на дошчачках». Полацк

У музее традыцыйнага ручнога ткацтва Паазер’я адбылася прэзентацыя кнігі Веры Іванаўны Селівончык «Ткацтва на дошчачках» з серыі «Майстроўня» .

На пачатку XX стагоддзя адзін з даследчыкаў побыту беларусаў запісаў: «Пояс, як відаць, складае неабходную прыналежнасць якога б там ні было гарнітура. Уважлівы мужчына без пояса не пераступіць парога сваёй хаты і не з’явіцца на вуліцы, а жанчыны носяць на поясе свой андарак, спадніцу і хвартух» .

Увага, якая надавалася беларусамі (як, дарэчы, і многімі іншымі народамі) поясу ў традыцыйным касцюме, тлумачыцца не толькі функцыянальнай неабходнасцю, але таксама і глыбокім сімвалічным зместам. У старажытнасці пояс (ён быў вядомы ў Вавілоне, Старажытным Егіпце, славянам – з I тысячагоддзя) часта служыў знакам, які ўвасабляў тое або іншае ўяўленне пра навакольны свет, узаемаадносіны з ім чалавека.

З поясам звязваліся розныя прыкметы, павер’і, замовы, варожбы. Лічылася, што пояс зберагае ад няшчасцяў. Каб у сямейным жыцці быў дастатак, маладая перад тым, як ісці да вянца, развешвала паясы ў свірне, у хляве, над куфрам.

Сярод традыцыйных тэхналогій менавіта спосабу ткацтва паясоў з выкарыстаннем дошчачак належыць адно з пачэсных месцаў. Ткалі паясы на дошчачках на Беларусі практычна паўсюдна, але найбольш часта яны сустракаюцца на поўначы Мінскай і Магілёўскай, у Віцебскай вобласцях.

У практычным дапаможніку «Ткацтва на дошчачках» падрабязна разглядаецца тэхніка ткання, прыёмы стварэння ўзораў, прапануецца шэраг вырабаў, вытканых з дапамогай дошчачак. У кнізе змешчаны матэрыялы, якія тычацца беларускага традыцыйнага рамяства, сучасныя мастацкія і тэхналагічныя пошукі майстроў. Дапаможнік адрасуецца ўсім, хто хоча авалодаць практычнымі навыкамі ткання на дошчачках.

Набыць практычны дапаможнік В. І. Селівончык «Ткацтва на дошчачках» можна ў Музее традыцыйнага ручнога ткацтва Паазер’я .

Тэлефон для даведак: 8 (0214) 42-30-41

444