"Ішлі, прайшлі валачобнічкі, іграючы, спяваючы..."

22 красавіка а 16 гадзіне Музей ткацтва і фальклорны гурт "Варган" запрашаюць на свята "Ішлі, прайшлі валачобнічкі, іграючы, спяваючы...", прымеркаванае да свята Вялікадня!

Пад час свята вас чакае:
– традыцыйны беларускі абрад "Абыход валачобнікаў"
– гульні, спевы, танцы
– выраб святочнай паштоўкі

Вялікдзень – вялікае старажытнае свята ў гонар сонца, вясны, абуджэння прыроды і надыходу земляробчага сезона. Верагодна, што з Вялікадня некалі мог пачынацца каляндарны год. У эпоху хрысціянства Вялікдзень стаў прымяркоўвацца да ўваскрасення Хрыста. Традыцыйным сімвалам Вялікадня лічыцца пафарбаванае ў чырвоны колер яйка – як сімвал жыцця і ўрадлівасці. Таксама на Беларусі існаваў старажытны абрад абыходу двароў валачобнікамі. Гэта гурт мужчын, якія спявалі велічальна-віншавальныя песні і зычылі гаспадарам кожнага дома шчасця і дабрабыту. Велікодныя святы доўжыліся ўвесь тыдзень. У гэты час завяршаўся пост, людзі хадзілі адзін да аднаго ў госці, моладзь ладзіла танцы, гульні і ігрышчы.

P.S. Сябры! Мы абавязкова будзем гуляць у традыцыйныя велікодныя гульні з яйкамі, таму калі ласка, вазьміце некалькі штучак з сабой! :)
Уваход:
Ільготны – 1 руб.
Поўны – 2 руб.

507