"Інструмент народны, і вясёлы, і журботны..."


Інструмент народны, і вясёлы, і журботны...

Музыка суправаджае нас паўсюль і заўсёды. Пра музыку можна сказаць, што яна і навука, і казка. У ёй столькі загадкавага і цудадзейнага, што, часам, невядома, як да яе адносіцца і як пра яе гаварыць: ці гэта навуковая казка, ці гэта казачная гісторыя.

Беларусы – заўзятыя аматары музыкі, без яе не абыходзіцца ніводнае свята, ні адно гулянне. Сярод беларусаў вельмі шмат здольных музыкантаў, якія могуць рабіць сваімі рукамі цікавыя музычныя інструменты з добрым гучаннем. І так вялося спрадвеку.

шархуны

Першыя музычныя інструменты, самагучальныя, з’явіліся, бясспрэчна, у глыбокай старажытнасці, калі першабытны чалавек шляхам удараў або трэння прадмета аб прадмет даваў выхад сваім пачуццям ці, можа, імкнуўся ўзмацніць уздзеянне магічных заклінанняў супраць прыроднай стыхіі. У якасці першых самагучальных інструментаў выкарыстоўваліся рукі і ногі чалавека з мэтай стварэння разнародных па сіле і афарбоўцы шумаў і гукаў рознай вышыні. Пазней чалавек шукаў усё новыя і новыя крыніцы гуку, знаходзячы іх не толькі ў навакольнай прыродзе, сярод бытавых прадметаў, але і майструючы спецыяльныя гука-шумавыя інструменты сваімі рукамі. Так з’явіліся музычныя інструменты: кляшчоткі, бразготкі, трашчоткі, лыжкі, шархуны і інш.

Ішоў час, змянялася жыццё чалавека, узбагачаўся і музычны свет: ускладняліся музычныя інструменты і з’яўляліся новыя.

Адным з самых старажытных народных інструментаў на Беларусі з’яўляецца дуда. Амаль да канца XIX ст. яна была вельмі папулярнай на Віцебшчыне. Найстарэйшая беларуская дуда 1877 года захоўваецца ў Лепельскім краязнаўчым музеі. Унікальнасць менавіта гэтай дуды — эстэтычнае аздабленне.

Ігар Расолька

Дуда выкарыстоўвалася ў абрадах, звязаных з асноўнымі момантамі жыцця чалавека: на хрэсьбінах, на вяселлі. Дуда-”весялуха”падыгрывала танцам (“Без музыкі, без дуды ходзяць ножкі не туды”), песням у час каляднага і валачобнага абрадаў, на ігрышчах, кірмашах, паказах батлейкі. Ігралі на інструменце сола і разам са скрыпкай ці цымбаламі, якія таксама сваім гучаннем упрыгожвалі жыццё нашых продкаў.

скрыпкі

Самым распаўсюджаным музычным інструментам на Беларусі была скрыпка. Невыпадкова, што з даўніх часоў скрыпка лічыцца ў народзе царыцай музыкі. І сапраўды: без нястомнага музыкі-скрыпача і “свадзьба не ў свадзьбу”. Цешыць яна душу, надае здароўя і радасці ўсім і самому музыканту, а дапамагаюць скрыпцы ў гэтай справе цымбалы – даволі папулярны на Беларусі шматструнны інструмент. І сягоння гэтыя інструменты: дуда, і скрыпка, і цымбалы працягваюць сваё існаванне ў музычным асяродку.

цымбалы

Немагчыма багатую і цікавую музычную культуру нашага народа распавесці некалькімі радкамі, таму, каб бліжэй дакрануцца да музычнай гісторыі нашага краю, запрашаем на выставу беларускіх народных музычных інструментаў “ Інстумент народны, і вясёлы, і журботны...” ў Музеі традыцыйнага ручнога ткацтва Паазер'я. На выставе прадстаўлены музычныя інструменты з фондаў Нацыянальнага Полацкага гісторыка-культурнага музея-запаведніка, Браслаўскага раённага аб'яднання музеяў, Наваполацкага дзяржаўнага музычнага каледжа і Полацкай дзіцячай школы мастацтваў. На ёй вы зможаце не толькі пазнаёміцца з разнастайнымі музычнымі інструментамі Беларусі, але і самі паспрабуеце сыграць на іх.

Выстава працуе па 18 жніўня. Шчыра запрашаем да нас!

694