Прыйшлі мясаедныя святкі – бліны ды аладкі!


Паважаныя сябры!
Хто жадае пабачыць сваімі вачыма, што адбывалася ў жыцці нашых продкаў на апошнім тыдні зімовага Мясаеда - не мінайце нашай хаты! Тут Вы атрымаеце зарад пазітыўнай энергіі на ўвесь бягучы год, а таксама станеце ўдзельнікамі моладзевых забаў і, канешне, самае галоўнае, даведаецеся, як раней на Падзвінні аддавалі маладых дзяўчат замуж!
У беларускай традыцыйнай культуры адным з асноўных перыядаў для правядзення вяселляў з'яўляецца зімовы Мясаед — так званая "Мясаедная вясельніца", якая пачынаецца 21 студзеня і заканчваецца напярэдадні Масленічнага тыдня (г.зн. на восьмым тыдні перад Вялікаднем). Гэты час паміж Калядамі і Вялікім пастом у жыцці дзяўчат займаў выбітнае месца. Шмат дачок-прыгажунь станавіліся нявестамі: да адных прыходзілі сваты, а іншых дзяўчат бацькі выдавалі замуж пад прымусам. Менавіта гэтыя тэндэнцыі традыцыйнай культуры атрымалі адлюстраванне ў сумесным праекце Музея традыцыйнага ткацтва Паазер’я, фальклорнага гурта "Варган" і тэатральнай студыі “Крышталь”. Гурт “Варган”займаецца захаваннем і аднаўленнем аўтэнтычных беларускіх абрадаў, танцаў, спеваў і з’яўляецца надзейным сябрам Музея традыцыйнага ткацтва Паазер’я. На працягу апошніх гадоў сумесна спраўляюць такія святы як Каляды, Гуканне вясны і Купалле. Тэатральная студыя “Крышталь” СШ №14 г.Наваполацка - малады творчы калектыў, які аб’яднаў юнакоў і дзяўчат 6-7 классаў неабыякавых да культурнага жыцця. Творчая група існуе з нядаўняга часу, аднак ўжо зацвердзіла сябе на культурнай глебе г. Полацка і Наваполацка. Тэатральная рэпрыза заснавана на комплексе традыцыйных абрадаў, танцаў, спеваў, моладзевых забаў. Дзея “Мясаеднай вясельніцы” адбываецца ў звычайнай вясковай сям’і, дзе старэйшую дачку спрабуюць сасватаць, а яна кахае…
Усіх жадаючых сардэчна запрашаем а 15 гадзіне 2 сакавіка ў Музей традыцыйнага ткацтва Паазер'я. Пасля заканчэння рэпрызы Вас чакае прыемны пачастунак!
Кошт уваходу 3 500 рублёў.

134