
Музей традыцыйнага ручнога ткацтва Паазер’я далучыўся да штогадовай міжнароднай акцыі «Ноч музеяў». На вячэрнюю праграму прыйшлі ўсе ахвотныя і трапілі ў атмасферу традыцыйнай беларускай культуры.
У рамках акцыі адбылося адкрыццё выставы «Раслінны матыў у традыцыі беларусаў: тэкстыль, побыт, фальклор». Выстава прысвечана раслінным арнаментам у беларускай культуры і іх глыбокай сімволіцы ў ткацтве, паўсядзённым жыцці і народнай творчасці. Госці музея даведаліся, як кветкі, лісце, дрэвы і плады ўвасабляліся ва ўзорах ручнікоў, абрусаў, народных касцюмах і прадметах побыту.
Натхнёныя выставай юныя наведвальнікі музея ў гэты вечар змаглі прадэманстраваць і свае таленты — паўдзельнічаць у конкурсе на лепшы кветкавы малюнак крэйдамі на асфальце. І музейны дворык напоўніўся дзіцячым смехам і ператварыўся ў кветкавую казку!
Яркім завяршэннем «Ночы музеяў» у Музеі традыцыйнага ручнога ткацтва Паазер’я стаў захапляльны «Кветка-квіз» 1 інтэлектуальная гульня, прысвечаная раслінным матывам у беларускай культуры (літаратуры, музыцы і г. д.). Асаблівы азарт выклікаў раўнд «Перакладчыкі», дзе трэба было ўказаць назвы раслін на беларускай мове.
Дзякуем усім, хто правёў гэты вечар разам з намі!