
У дзіцячым садку № 25 г. Наваполацка ў рамках аўтарскага праекта «Полацкая набіванка» пры падтрымцы гранта Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь у сферы культуры прайшоў майстар-клас «Яскрава, як маланка, робім набіванку!». Дзеці паспрабавалі свае сілы ў мастацтве набіванкі па тканіне і даведаліся, што пры дапамозе гэтага старажытнага рамяства болей за 150 гадоў таму ўпрыгожвалі адзенне і хатні тэкстыль на Полаччыне. Юныя майстры проста былі ў захапленні!
Пад кіраўніцтвам вядучага навуковага супрацоўніка Музея традыцыйнага ручнога ткацтва Паазер'я Т. В. Бараненка і выхавацеляў дзіцячага садка хлопчыкі і дзяўчынкі пабачылі, як раней рабілі ўзоры з дапамогай драўляных штампаў. Кожны маленькі «майстар» атрымаў кавалачак светлай тканіны, фарбы і нарыхтоўкі-клішэ з узорамі.
Пасля майстар-класа ў садку была арганізавана міні-выстава дзіцячых прац. Яркія сурвэткі зараз упрыгожваюць группу. Некаторыя дзеці таксама пажадалі «набіць» малюнкі на сваё адзенне.
Такія майстар-класы развіваюць не толькі дробную маторыку дашкольнікаў, але і спрыяюць захаванню традыцый і культурнай спадчыны!