Аб пачатку рэалізацыі праекта «Полацкая набіванка»

У 2025 годзе ў Музеі традыцыйнага ручнога ткацтва Паазер'я рэалізуецца праект «Полацкая набіванка»* за кошт фінансавых сродкаў, прадугледжаных грантам Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь.

Мэтай праекта з'яўляецца адраджэнне і папулярызацыя традыцыйнай полацкай набіванкі — унікальнай тэхнікі нанясення малюнкаў па тканіне, якая гістарычна развівалася на тэрыторыі Полацка і Паазер'я.

Набіванка («набойка», «выбойка», «крашаніна», «набіванне») — гэта адна з найстарэйшых тэхнік дэкарыравання тканіны, падчас якой выкарыстоўваюцца дошкі-клішэ з рэльефным узорам. Набіванка на тэрыторыі Беларусі стала моднай і распаўсюдзілася ў XVI — XVII стст. у сувязі з дзейнасцю шматлікіх рамесніцкіх майстэрняў. Віцебск, Магілёў, Полацк, Орша, Бабруйск — цэнтры, дзе размяшчаліся найбуйнейшыя майстэрні па набіванцы ў XIX ст. Майстэрства набіванкі было распаўсюджана не толькі ў гарадах, але і ў малых населеных пунктах. З яе дапамогай упрыгожвалася тканіна, з якой вырабляліся элементы традыцыйнага касцюма: сарафаны, кашулі, фартухі. Узоры маглі быць з расліннымі матывамі, геаметрычнымі фігурамі, выявамі людзей і жывёл, а таксама сцэнамі з паўсядзённага жыцця.

Прыгажосць набіванкі — у сціплай каляровай палітры. Таму з часам набіванцы стала цяжка канкурыраваць з каляровай гамай нітак у вышыўцы і ткацтве. Напрыканцы XIX ст. са з'яўленнем фабрычнай вытворчасці набіваных яркіх тканін саматужная набіванка паступова сышла ў нябыт. У пачатку і сярэдзіне ХХ ст. вытворчасцю набіванкі займаліся толькі адзінкавыя майстры.

Сёння ў Беларусі павялічваецца цікавасць да набіванкі, і яна мае поўнае права заняць сваё месца ў сучасным беларускім мастацтве. Набіваныя тканіны — цудоўны багаты матэрыял у працы рамеснікаў і дызайнераў, якім аздабляюць сучасны інтэр'ер і напаўняюць своеасаблівым этнічным каларытам адзенне.

Музей традыцыйнага ручнога ткацтва Паазер'я запрашае да супрацоўніцтва ўсіх зацікаўленых гэтай тэматыкай. Сачыце за нашымі аб'явамі!

*Інавацыйны праект пры падтрымцы гранта Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь у сферы культуры.

Больш падрабязна аб праекце тут

495