
Напярэдадні Вадохрышча Музей традыцыйнага ручнога ткацтва Паазер’я сумесна з фальклорным гуртом «Варган» (г. Полацк) запрасіў усіх жадаючых на традыцыйнае свята «Ехала Каляда з Полацку…».
Наведвальнікаў чакала цікавая святочная праграма. Спачатку прысутным прапанавалі роспіс калядных сувеніраў з палімернай гліны. Пасля гэтага мерапрыемства нашыя госці сустрэліся з сапраўднымі калядоўшчыкамі, якія прыйшлі з пажаданнямі шчасця і дабрабыту.
Весела і шумна прайшлі Каляды ў музеі. Нашы госці танчылі, спявалі, частавалі калядную казу, а таксама атрымалі жартоўныя прадказанні на будучы год.
Вялікі дзякуй усім тым, хто завітаў да нас у гэты святочны дзень. Няхай новы год будзе напоўнены радасцю, усмешкамі і прыемнымі сюрпрызамі!