З Днём народзінаў, Музей!

У гэтыя пераднавагоднія дні наш музей адзначае асобую святочную дату. Менавіта 29 снежня далёкага 1998 года а 15-ай гадзіне ён упершыню адчыніў свае дзверы для наведвальнікаў. З Днём народзінаў! З 25-годдзем!

Сёння хочацца ўзгадаць усіх тых людзей, улюбёных у сваю справу, якія былі стваральнікамі Музея традыцыйнага ручнога ткацтва Паазер’я. Шмат цікавых задумак аўтара экспазіцыі Сяргея Дзмітрыева, першай загадчыцы музея Надзеі Філатавай, аўтара архітэктурнага вырашэння, загадчыцы навукова-рэстаўрацыйнага аддзелу музея-запаведніка Жаны Пасадскай ажыццявіліся пры стварэнні Музея. Прымалі ўдзел у распрацоўцы экспазіцыі майстры Мінскага цэнтра нацыянальных культур «Скарбніца», мастачка з Віцебска Валянціна Юпатава, навукоўцы з Санкт-Пецярбурга, Смаленска, Мінска і Полацка.

За мінулыя гады музей стаў надзейным захавальнікам культурнай спадчыны нашага краю. Залы напоўнены сапраўднымі гістарычнымі скарбамі, прадметамі, якія дапамагаюць разумець і шанаваць унікальную беларускую культуру.

За 25 год свайго існавання навуковымі супрацоўнікамі вельмі шмат праведзена цікавых мерапрыемстваў, экскурсій і музейна-педагагічных заняткаў. Яны пазнаёмілі вас з мноствам цікавых людзей на разнастайных прэзентацыях, лекцыях і творчых сустрэчах. У нашым Музеі за гэтыя гады вы не адну сотню раз сваімі рукамі стваралі прыгажосць падчас шматлікіх майстар-класаў. А колькі цікавага вы пабачылі, апынуўшыся ў нашай выставачнай зале, дзе Музей раз за разам прадстаўляў выставачныя праекты.

Вельмі прыемна, што наша плённая праца па адраджэнні і папулярызацыі культурнай спадчыны беларускага народа мае водгук. Нам вельмі прыемна, што апынуўшыся ў нас упершыню як наведвальнікі, вы застаецеся ўжо сябрамі музея. А колькі прыемных, расчуленых і эмацыйных запісаў вы пакідаеце ў нашай кнізе водгукаў.

Наш Музей яшчэ зусім малады! У яго яшчэ ўсё наперадзе! Будзем жа і надалей захоўваць культурную спадчыну нашых продкаў разам з вамі!

114