Cвята ўраджаю «Багач»

Музей традыцыйнага ручнога ткацтва Паазер’я паклікаў сяброў на свята ўраджаю «Багач», што стала ужо добрай традыцыяй для нашага музея. Паводле народнага календара, прывязанага да сельскагаспадарчага працоўнага цыкла, надышоў час, калі ўраджай не толькі вырас, але і сабраны. Час адпачываць, спяваць дажынкавыя песні і весяліцца!

Мы паспрабавалі захаваць усе традыцыі свята: удзельніца жніва прынесла гаспадыні ў дом сноп жыта, звязаны поясам з беларускім арнаментам і ўпрыгожаны галінкамі рабіны. Яе суправаджалі ўдзельнікі рытуала ў нацыянальных строях. Гаспадыня сустракала ўсіх на ганку з пачастункамі. Разам з гасцямі “жнеі” правялі сімвалічны абыход музея з Багачом. Рытуальныя песні ў выкананні фальклорнага гурта «Варган» дапамаглі ўзнавіць атмасферу свята.

Святкаванне працягвалася на панадворку музея. Госці мелі магчымасць патанчыць, пагуляць у традыцыйныя гульні ці паўдзельнічаць у майстар-класе па вытворчасці лялькі-крупянічкі.

Для гурманаў (і не толькі) прайшла незвычайная дэгустацыя сыру, якая суправаджалася сырнымі байкамі. Усе даведаліся пра сырныя рэкорды, пра самыя незвычайныя гатункі сыру, а самае галоўнае — паспрабавалі сапраўдны традыцыйны беларускі сыр ад полацкіх сыраробаў. А духмяны травяны чай са старога самавара, ды яшчэ з лыжачкай духмянага ліпавага мёду, сагрэў кожнага госця.

594