Выстава «Вяселле: традыцыі і сучаснасць». Полацк


Музей традыцыйнага ручнога ткацтва Паазер'я і РМГА «Студэнцкае этнаграфічнае таварыства» запрашаюць наведаць выставу «Вяселле: традыцыі і сучаснасць».

Вяселле — абрад яднання, злучэння маладых, пачатак новай сям’і і адначасова — працяг старажытнага чалавечага роду. Шмат элементаў сучаснага вясельнага абраду паходзяць з глыбокай даўніны і з’яўляюцца чырвонай нітачкай, што звязвае нас, сучасных людзей, з продкамі. Вясельны абрад на Беларусі, як ніякі іншы, вылучаецца добрай ступенню захаванасці.

Рэчы, прадстаўленыя на выставе, таксама маюць як старажытнае так і сучаснае паходжанне. Частка рэчаў — экспедыцыйныя знаходкі, частка — спецыяльна выконвалася для выставы сябрамі таварыства з выкарыстаннем старажытных тэхналогій.

Адкрыццё выставы адмыслова прымеркавана да 14 кастрычніка  — свята Пакрова. Раней казалі, што зіма закрывае лета, а Бог пячатае зямлю пасля Пакрова, і да вясны ніхто не можа знайсці скарбаў. На Віцебшчыне існаваў звычай пячы на свята пірог і абыходзіць з ім усе гаспадарчыя будыніны, прыкладаючы да кожнае страхі, каб буры, што пачынаюцца ад Пакрова, не разбуралі стрэхі.

А яшчэ з гэтага дня пачыналiся вяселлi, лiчылася, што Пакроў — спрыяльнае свята для шлюбу. У гэту вясельную пару хлопцы па вёсках выглядалі сабе нявест, а тыя напярэдадні Пакрова варажылі на замужжа. На Брэстчыне набіралі ў хвартух апалае лісце і пасля вытрасалі з прыполу — куды вецер панясе, туды і замуж ісці. У іншых мясцінах пяклі салёныя блінцы і перад сном з'ядалі, задумваючы, каб сасніўся і напаіў той, хто наканаваны лёсам. Як сцвярджала прыказка: «Ад Пакрова ўжо дзеўка гатова» . З марамі пра замужжа дзяўчаты прасілі святы Пакроў пакрыць іх галаву вянком (чапцом): «Пакравы прыйдуць — дзеўцы галаву накрыюць» . Калі ж вяселле на гэты раз абмінала хату, то «Праходзіць Пакрова — раве дзеўка, бы карова» .

На адкрыцці плануюцца выступы спеўных гуртоў «Княжыч» (Наваполацк) і «Горынь» (Мінск), знаёмства з беларуская вясельнай традыцыяй, частаванне караваем, традыцыйныя беларускія гульні і танцы. Адбудзецца прэзентацыя кнігі В.І. Селівончык «Ткацтва на дошчачках». Уваход на адкрыццё вольны.

Гасцінна запрашаем у Музей традыцыйнага ручнога ткацтва Паазер’я 14 кастрычніка а 16-й гадзіне на адкрыццё!

Тэлефон для даведак: 8 (0214) 42-30-41

237