Новая рубрыка «PROпрадмет».

Музей традыцыйнага ручнога ткацтва Паазер'я запускае

новую рубрыку «PROпредмет»

— серыю апавяданняў аб прадметах, звязаных з побытам беларускіх сялян канца ХІХ — першай паловы ХХ ст.

На працягу стагоддзяў змянялася грамадскае, культурнае і проста чалавечае жыццё. Людзі паміралі, з'язджалі, а простыя рэчы заставаліся служыць новым гаспадарам, захоўваючы ўспаміны пра ранейшых.

Керамічны посуд, верацёны, ручнікі, посцілкі, розная гаспадарчая драбяза, якой ужо ніхто не карыстаецца шмат гадоў — сёння ўжо артэфакты. А такія, дарэчы, ёсць у многіх дамах. Год за годам стаяць у шафе, пыляцца на антрэсолях і маўчаць. Важна даць магчымасць гэтым рэчам загаварыць, распавесці пра тое, што тут было да нас.

Калісьці яны маглі распавесці значна больш, чым цяпер: як, калі, дзякуючы каму і пры якіх абставінах былі створаны, дзе і калі былі знойдзены. Сёння яны самі пра сябе не раскажуць, з імі вас пазнаёмяць навуковыя супрацоўнікі.

Мы будзем распавядаць пра экспанаты Музея традыцыйнага ручнога ткацтва, пра тыя прадметы, якія выкарыстоўваліся ў штодзённым жыцці і з цягам часу трапілі ў музей. Новыя публікацыі рубрыкі будуць выходзіць два разы на месяц. Вы зможаце прачытаць артыкул, паглядзець, як яны выглядаюць, а потым прыйсці ў музей, каб убачыць усё на свае вочы.

Часта ва ўспамінах праслізгвае: «а мы грэліся ля такой печы, а мая мама яшчэ ткала на ткацкім станку, а я памятаю, што бабуля карысталася такімі ручнікамі…» Рэчаў няма, а голас памяці застаўся. А калі нейкія цікавыя рэчы і гісторыі пра іх ёсць у вас, прыносьце іх у Музей ткацтва — і ваша сямейная рэліквія таксама стане музейным прадметам.

796