Музычныя інструменты Браслаўшчыны. Віртуальная выстаўка

Музычныя інструменты Беларусі – яскравая і самабытная з’ява ў традыцыйнай культуры. Нашы продкі выкарыстоўвалі іх не толькі падчас святаў, але і ў паўсядзённым жыцці.

Выстаўка «Музычныя інструменты Браслаўшчыны» знаёміць з самымі вядомымі, а таксама найбольш цікавымі інструментамі XIX і XX стст. з фондаў Браслаўскага музея. На ёй прадстаўлена больш за 40 музычных інструментаў: струнныя і духавыя, ударныя і мембранныя, а таксама самагучальныя. 

Кожны прадмет мае сваю гісторыю і свае асаблівасці…

Першыя музычныя інструменты, самагучальныя, з’явіліся, бясспрэчна, у глыбокай старажытнасці, калі першабытны чалавек шляхам удараў або трэння прадмета аб прадмет даваў выхад сваім пачуццям ці, можа, імкнуўся ўзмацніць уздзеянне магічных заклінанняў супраць прыроднай стыхіі. У якасці першых самагучальных інструментаў выкарыстоўваліся рукі і ногі чалавека з мэтай стварэння разнародных па сіле і афарбоўцы шумаў і гукаў рознай вышыні. Пазней чалавек шукаў усё новыя і новыя крыніцы гуку, знаходзячы іх не толькі ў навакольнай прыродзе, сярод бытавых прадметаў, але і майструючы спецыяльныя гука-шумавыя інструменты сваімі рукамі. Так з’явіліся музычныя інструменты: кляшчоткі, бразготкі, трашчоткі, лыжкі, шархуны і інш.

У народзе спрадвеку існавала традыцыя вырабу прымітыўных музычных забавак – пішчолак, свісцёлак, дудачак. Для гэтага выкарыстоўваліся самыя разнастайныя матэрыялы – дрэва, кара, салома, пяро, гліна і г.д. Шмат такіх забавак вырабляў У. Аўкштоль з Браслава. На выставе прадстаўлены яго працы з дрэва, жытняй саломы, гусіных пёраў, свісцёлкі з бляхі. Карысталіся імі не толькі дзеці. Спрактыкаваны музыка мог найграць на такіх інструментах простыя мелодыі. 

 

1. Свісцёлкі; пяро гусінае; майстар Аўкштоль У. І.; БССР,  г. Браслаў; 1990 г.
2. Свісцёлка; салома жытняя; майстар Аўкштоль У. І.; БССР,  г. Браслаў; 1990 г.
3. Свісткі; метал; майстар Аўкштоль У. І.; БССР,  г. Браслаў; 1990 г.
4. Бразготка; бронза; Полацкае княства. ХІ-ХІІІ стст.

5. Дудка; кара асіны; майстар Аўкштоль У. І.; БССР,  г. Браслаў; 1990 г.

6. Пісколкі; дрэва; майстар Аўкштоль У. І.; БССР,  г. Браслаў; 1990 г. 
 

 


 

 

 


На выстаўцы прадстаўлена калекцыя традыцыйных беларускіх інструментаў У. Козака з Віцебска. Яны адносяцца да самагучальных музычных інструментаў. Гэта бубен, кляшчотка, трашчотка, какошнік, бразготкі розных тыпаў.

На выставе можна пабачыць бразготкі фабрычнай вытворчасці канца XIX – пачатку ст., аб’яднаныя ў набор - шумёлы. Яны рабіліся мясцовымі майстрамі з бразготак, скуры, дроту і служылі для ўпрыгажэння конскай збруі падчас святаў, вяселяў, урачыстасцяў. Пры патрэсванні шумёлаў узнікае прыгожае меладычнае рознагалосае гучанне. Найчасцей сустракаюцца шумёлы з 11-цю брaзготкамі.

 

 

Бубен; дрэва, скура, метал; майстар Козак В.І.; БССР, г. Віцебск; 1990 г.
Кляшчотка; майстар Козак В.І.; БССР, г. Віцебск; 1990 г.
Шумёлы; скура, метал; майстар невядомы; Польская Рэспубліка, Браслаўскі павет, в.Пустошка; 1910-1930 гг.

 


 

 
1.Калатушка; дрэва; майстар Козак В.І.; БССР, г. Віцебск; 1990 г.

2.Маракасы; дрэва, метал; майстар невядомы; БССР; 1980-я гг.

3.Трашчотка; дрэва; майстар Аўкштоль У. І.; БССР, г. Браслаў; 1990 г.

4.Какошнік; дрэва, скура; майстар Козак В.І.; БССР, г. Віцебск; 1990 г.

5. Бразготка адкрытая; дрэва; майстар Козак В.І.; БССР, г. Віцебск; 1990 г.

6. Бразготка закрытая; дрэва; майстар Козак В.І.; БССР, г. Віцебск;1990 г.

 


 

 

Барабан; дрэва, метал, скура; майстар Навічонак Ю.; Польская Рэспубліка, Браслаўскі павет, в. Укля; 1935 г.

 


 

 

 

 

Мандаліна; дрэва, метал; майстар невядомы; БССР, Браслаўскі раён, в. Баркунішкі; 1940-я гг.

 


 

Да першай паловы XX ст. на Браслаўшчыне былі шырока распаўсюджаны цымбалы, якія таксама рабіліся самімі музыкамі ці мясцовымі сталярамі. На выставе прадстаўлены цымбалы, зробленыя ў 1948 г. музыкам В. Высоцкім з Оплісы.

 

 

Гуслі; дрэва, метал; майстар Зінкевіч В. А.; Рэспубліка Беларусь, г. Браслаў; 2013 г.

 


 

Адным з найбольш распаўсюджаных музычных инструментаў Браслаўшчыны з’яўляцца скрыпка. На выставе можна ўбачыць шэраг самаробных скрыпак. Гэтыя скрыпкі Т.І. Кацяловіча з в. Пузевічы, Б. Баркоўскага з г. Браслаў, Ф. Пашуневіча з в. Велец. Самі майстры музычных інструментаў былі добрымі музыкамі. Б. Баркоўскі акрамя скрыпак рабіў цымбалы, балалайкі, змайстраваў нават віяланчэль.

 

Скрыпка; дрэва, метал; майстар Кацяловіч Т. І.; Рэспубліка Беларусь, Браслаўскі р-н, в.Пузевічы; 1993 г.
Скрыпка; дрэва, метал; майстар Баркоўскі Б., Польская Рэспубліка, Браслаўскі павет; 1932 г.
1. Скрыпка; дрэва, метал; майстар Пашуневіч Ф., БССР, Глыбоцкі р-н, в. Велец; 1930-1950 гг.
2. Скрыпка; дрэва, метал; майстар невядомы; Польская Рэспубліка, Браслаўскі павет, в. Слабодка; 1934 г.

 


 

У 20-30-я гг. XX ст. музыканты з Браслаўшчыны сталі шырока ўжываць гармонікі. На пачатку ХХ стагоддзя гэты інструмент яшчэ быў вялікай рэдкасцю. Калі перад рэвалюцыяй жыхар в. Брылеўшчына К. Шакель выпісаў з Пецярбурга двухрадку, паглядзець на інструмент прыходзілі нават з суседніх вёсак. Гармонікі прывозілі спачатку з вялікіх гарадоў, дзе сяляне былі на заробках. Пазней па ўзору фабрычных інструментаў іх пачалі рабіць мясцовыя ўмельцы. У музеі г. Браслаў ёсць звесткі, што гармонікі майстравалі Ю. Навічонак з в.Укля, У. Баўтракевіч з в.Лапяны, Максімовіч з Бяльмонтаў. На жаль, іх інструментаў у калекцыі Браслаўскага музея няма.

 

Гармонь; дрэва, скура, пластмаса, метал; майстар невядомы; Расійская імперыя; пач. XX ст.
Гармонь; дрэва, скура, пластмаса, метал; вытворчасць прамысловая; БССР; 1940–1950 гг.

 


 

З духавых інструментаў музыкі ўжывалі кларнеты фабрычнай вытворчасці. Найбольш папулярным гэты інструмент стаў з 20-30 гг. XX ст. На выстаўцы змешчаны кларнет канца XIX – пачатку XX стст., які мае вельмі цікавую гісторыю. Належаў ён П.Лук’янскаму з в. Думарышкі, якога жартоўна назвалі “дудачка і трубачок”. У пачатку XX ст. ён служыў у ваенным аркестры. Аднойчы той аркестр выступаў на адказным канцэрце, на якім прысутнічаў імператар Мікалай II. За выдатную ігру шэраг музыкантаў узнагародзілі. П.Лук’янскі атрымаў кларнет – вельмі дарагі на той час падарунак. Пасля гэтага музыка не раставаўся з інструментам. Доўгі час іграў на ім у Рызе, пазней у складзе аркестра на Браслаўшчыне. Пасля П.Лук’янскага кларнетам доўгі час карыстаўся вядомы музыка са Слабодкі В.Кажаронак.

 

Кларнет; метал; вытворчасць прамысловая; Расійская імперыя; канец XIX - пачатак XX стст.
Вуснавы баян; пластмаса, метал; вытворчасць прамысловая; СССР, г.Растоў-на-Доне;1960-я гг.

 


 

Асобную групу складаюць ражковыя духавыя музычныя інструменты, якімі карысталіся на паляванні. Ужываліся яны для падачы разнастайных па значэнні сігналаў у час калектыўнага палявання, для клікання сабак.

 

Жалейка; дрэва, рог; майстар Козак В.І.; БССР, г. Віцебск; 1990 г.
Ражок паляўнічы; рог, метал; майстар Гарбаценка В. К.; Рэспубліка Беларусь, г. Браслаў; 1991г.
Ражок паляўнічы; рог, метал; майстар Васюцёнак І. І.; Рэспубліка Беларусь, г. Браслаў; 1992 г.
Труба паляўнічая “берасцянка”; дрэва, бераста; майстар Зяляўскі П. І.; БССР, Браслаўскі раён, в.Слабодка; 1988 г.

 

 

 

 

Адной з традыцый народнай музычнай культуры Браслаўшчыны было існаванне часовых гуртоў музыкаў – капэляў. Музыкі збіраліся для ігры на вяселлях, вечарынках, іншых святах. Вясельныя капэлі, як правіла, былі невялікія – 2-3 чалавекі. На вечарынках збіралася і больш музыкантаў. У час касцёльных святаў удзельнічалі ў службах. Капелі складаліся звычайна з аднавяскоўцаў або жыхароў суседніх вёсак. Падбор інструментаў залежаў ад мясцовых традыцый, наяўнасці тых ці іншых музыкантаў. Найбольш часта на Браслаўшчыне сустракаліся такія спалучэнні інструментаў: цымбалы-скрыпка-гармонік; карнет-цымбалы-гармонік-бубен; скрыпка-гармонік; цымбалы-скрыпка. Некаторыя з капэляў існавалі не адзін дзясятак гадоў, славіліся на ўсю акругу. Іх запрашалі і ў іншыя мясціны.

 

 

У свой час вядомы былі капэлі з в. Думарышкі ( П. Лук’янскі - кларнет, К.Карэннік – гармонік, Ю.Шыдлоўскі – цымбалы), з в. Брылеўшчына (К.Шакель – гармонік, З.Шакель і А.Стальмачонак – кларнет, Саковіч – скрыпка), з-пад в. Слабодка (Б.Дудзінскі – карнет, В.Кажаронак – кларнет, П.Крумін – гармонік). Часта капэлі складаліся з членаў адной сям’і, як, напрыклад, капэлі братоў Высоцкіх з Оплісы, братоў Кезікаў з Перавалокі. Як выдатныя музыкі былі шырока вядомы ў акрузе бацька і сын Чорныя з в.Чарнамордыя.

Амаль усе музыкі асвойвалі інструменты самастойна з дапамогай старэйшых. Такім чынам перадавалася не толькі майстэрства, але і рэпертуар. Акрамя таго, музыканты самі засвойвалі новыя песні і мелодыі. Звычайна капэля свабодна валодала 30-40 мелодыямі. На вяселлях ў 20-30-я гг. XX ст. музыкантам можна было няблага зарабіць – 5-6 злотых, а то і больш. Такі заробак быў істотнай дапамогай у сямейным бюджэце. Праўда дорага каштавалі самі інструменты. Напрыклад досыць просты бубен – 20-25 злотых, а добры гармонік каля 500. Калі музыка сам не мог набыць інструмент капэля магла некалькі вяселляў працаваць на складчыну, менавіта на набыццё інструмента. Затое да іх беражліва ставіліся, перадавалі іх у спадчыну.

Напэўна, няма патрэбы пераконваць у тым, якое месца ў нашым жыцці належыць музыцы. Да сучаснага чалавека яна прыходзіць пераважна праз сродкі масавай камунікацыі – радыё, телебачанне, разнастайную гукаўзнаўляючую апаратуру. Такі стан рэчаў успрымаецца маладымі, як дадзенае, з гэтым звыкліся і людзі больш сталага ўзросту. Між тым, усяго сто гадоў таму, у 20-я гг. XX ст. сапраўдны фурор у вёсцы мог выклікаць звычайны грамафон, прывезены некім з аднавяскоўцаў з вялікага горада. Старыя нават не пускалі моладзь паглядзець на апарат, у якім “схаваўся нячысты”. Такія выпадкі ўспрымаюцца як кур’ёзы. Аднак яны сведчаць аб панаванні ў тую пару на вёсцы іншых, не звычайных для нашага успрыняцця традыцый.

Гэтыя традыцыі, у тым ліку і музычныя, былі досыць устойлівыя і уключалі ў сябе вопыт і культуру папярэдніх пакаленняў. Разам з тым яны зведалі і паступовую трансфармацыю. У нашым стагоддзі, па сутнасці, адбыўся пераварот у сферы музычнай культуры, калі ранейшыя традыцыі сталі беззваротна адыходзіць ў нябыт, а іх месца занялі зусім іншыя формы. Мы з’яўляемся сведкамі заканчэння гэтага працэсу. У большасці інструментаў, якія навукоўцы знаходзяць у вёсках, ужо няма гаспадароў, у музыкаў не аказалася спадкаемцаў іх справы. Вось чаму выстава, на якой прадстаўлены багаты набор народных інтрументаў, выклікае двайное пачуццё: гонар – за талент нашага народа, і роздум аб лёсе народнай культуры і, у прыватнасці, музычнай.