Музей традыцыйнага ручнога ткацтва Паазер'я запрашае!

Музей ткацтва – гэта своеасаблівы куточак беларускасці, нацыянальных абрадаў, сакральных ведаў. Музей раскрые для сваіх наведвальнікаў таямніцы вырошчвання і апрацоўцы лёну ў канцы XIX — пачатку XX ст. на тэрыторыі Паўночнай Беларусі, распавядзе аб самым распаўсюджаным і старажытным відзе народнага дэкаратыўна-прыкладнога мастацтва – ткацтве. Пабачыўшы ўзоры на тканых і вышываных вырабах, вы адкрыеце для сябе бяздонную крыніцу культурна-гістарычнай спадчыны.

На Беларусі ткацтва вядома з глыбокай старажытнасці, пра што сведчаць археалагічныя знаходкі (прасліцы, адбіткі тканіны на керамічных пасудзінах, архаічныя прылады працы). Гэта самы распаўсюджаны і старажыты від народнага дэкаратыўна-прыкладнога мастацтва, непасрэдна звязанага з вырабам адзення і прадметаў быту: посцілак, абрусаў, ручнікоў і інш. Музейная экспазіцыя размяшчаецца ў трох залах і асвятляе традыцыйны працэс стварэння тканых прадметаў канца XIX - пачатку XX ст.; ад пасадкі лёну да атрымання канчатковага вырабу. Мадэль самога ткацкага рамяства прадстаўлена сусветным дрэвам, матыў якога сустракаецца ў дэкоры тканых і вышываных вырабаў і сімвалізуе вечнасць і бясконцасць жыцця, выступаючы ў якасці звяна паміж сусветам і чалавекам.

Карэнні Сусветнага дрэва распавядаюць пра таямніцы вырошчвання і першапачатковай апрацоўкі лёну, ствол - пра стварэнне тканіны і яе бытаванне ў жыцці чалавека, крона - пра загадкавы свет міфалагічных сімвалаў і значэнняў, якія зашыфраваны нашымі продкамі ў шматлікіх арнаментах, што аздабляюць амаль кожную даматканую рэч. Магчымасць бачыць і спрабаваць чытаць разнакаляровыя закадзіраваныя пасланні на ручніках, святочным адзенні, посцілках, што экпануюцца ў музеі, далучае наведвальнікаў да унікальнай спадчыны беларускай традыцыйна культуры. Калі хлеб - усяму галава, то лён; усяму душа. Гэта асобая расліна, якая можа накарміць, вылечыць і сагрэць цела і душу.