Сёлета адзначаецца 20-годдзе з часу адкрыцця ў Полацку Музея традыцыйнага ручнога ткацтва Паазер’я.


Сёлета адзначаецца 20-годдзе з часу адкрыцця ў Полацку Музея традыцыйнага ручнога ткацтва Паазер’я. Хто зможа адказаць на пытанне: многа гэта ці мала? Напэўна, істотнай тут будзе не згаданая лічба, а маштаб зробленага на ніве традыцыйнай культуры.
Музей адчыніў свае дзверы для наведвальнікаў у снежні 1998 года ў будынку па вуліцы Войкава, д. 1, які з'яўляецца помнікам архітэктуры канца ХІХ – пачатку ХХ стагоддзя. Вуліца Войкава, былая Невельская, сваю назву атрымала ад Невельскай вежы, каля якой размяшчаўся гарадскі рынак, і праз якую ў сярэднявечны горад прыязжалі гандляры з Рыгі, Пскова і Апочкі. У другой палове XIX стагоддзя дадзены ўчастак з забудовай належаў Моўшы Мелькаву. Вядома, што тут знаходзілася гарадская багадзельня, а ў 1902 годзе на яе месцы быў пабудаваны дом, дзе размясцілася пякарня. Свой цяперашні выгляд дом атрымаў пасля Другой сусветнай вайны.
У сярэдзіне 1990-х гадоў на аснове навуковых даследаванняў былі праведзеныя рэстаўрацыйныя работы. Аўтар праекта рэстаўрацыі будынка – Жанна Пасадская. Падчас рэстаўрацыйных работ быў захаваны былы фасад дома, у сучасных формах былі ўзноўлены страчаныя элементы: галоўны і дваровы ганкі.
Музей распавядае пра асаблівасці ручнога ткацтва канца ХІХ – пачатку ХХ стагоддзя на Паазер'і – гэта значыць у Полацкім, Глыбоцкім, Міёрскім, Шаркаўшчынскім, Верхнядзвінскім, Пастаўскім, Докшыцкім раёнах Віцебскай вобласці. Аўтарам навуковай канцэпцыі стала Надзея Філатава, аўтарам мастацкага рашэння – Сяргей Дзмітрыеў.
Экспазіцыя, што змясцілася ў трох залах, асвятляе традыцыйны працэс стварэння тканых вырабаў ад пасадкі лёну да атрымання гатовага вырабу праз каляндарны цыкл пераўтварэння прыроды. Праз фальклор, абрады, звычаі раскрываецца вялізны культурны пласт, які нясе ў сабе ткацтва – адзін з самых старажытных і распаўсюджаных відаў дэкаратыўна-прыкладнога мастацтва, непасрэдна звязаны з вырабам адзення і прадметаў побыту: ручнікоў, посцілак, абрусаў.
Стрыжнем экспазіцыі лічыцца Сусветнае дрэва. Гэты матыў сімвалізуе бясконцае жыццё і вечнасць. Дрэва – адмысловае звяно, што злучае чалавека і Сусвет. Карані Дрэва кажуць пра непасрэднае вырошчванне лёну і яго першасную апрацоўку. Ствол сімвалізуе працэс стварэння тканіны, а крона апавядае пра таямнічы свет сімвалаў і знакаў, адлюстраваных у легендах і паданнях. Рознакаляровыя ўзоры ў арнаментах рушнікоў, посцілак, адзення, якія экспануюцца ў музеі, уяўляюць сабой зашыфраваныя пасланні продкаў і далучаюць наведвальніка да ўнікальнай спадчыны традыцыйнай беларускай культуры.
Ля вытокаў стварэння Музея стаяла яго першы загадчык – Надзея Валянцінаўна Філатава. Вельмі актыўны, апантаны сваёй справай чалавек, Надзея Валянцінаўна ўлетку арганізоўвала этнаграфічныя экспедыцыі ў вёскі, каб знайсці прадметы, што сёння складаюць пастаянную экспазіцыю. Яна па крупінках збірала ад насельніцтва рарытэтныя рэчы хатняга побыту і вясковага ўжытку. Надзея Валянцінаўна была сапраўдным завадатарам гэтай справы, аб’ядноўвала каля сабе цікавых людзей, імкнулася, каб гэта быў асяродак беларускай культуры, і менавіта дзякуючы ёй сёння існуе такі адзіны ў нашай краіне музей.
Сёння Музей традыцыйнага ручнога ткацтва Паазер’я запрашае на разнастайныя (аглядавыя і тэматычныя) экскурсіі, праводзіць шматлікія музейна-педагагічныя заняткі, на батлеечны спектакль "Цар Ірад". Наведальніка любога ўзросту – малога ці дарослага – тут чакае індывідуальны падыход, цікавая інфармацыя будзе прадстаўлена захапляльна і пазнавальна. Каб госці зразумелі і ўявілі сабе два асноўныя моманты працэсу падрыхтоўкі пражы да ткацтва, у экспазіцыю былі ўведзены інтэрактыўныя прыёмы – снаванне і праца за кроснамі. Аматарам даўніны, аўтэнтычных беларускіх спеваў і традыцыйных беларускіх гульняў і танцаў музей прапануе паўдзельнічаць у штогадовых фальклорных святах: Калядах, Гуканні Вясны, Валачобніках, Багачы. Наведвальнікі могуць непасрэдна прыняць удзел у святочных мерапрыемствах і народных забавах. А маладыя пары музей запрашае прайсці стылізаваны старажытны вясельны абрад «Як зліліся дзве рэчанькі...», скіраваны на забеспячэнне дабрабыту новаўтворанай сям’і. Для дзяцей і дарослых праводзяцца разнастайныя майстар-класы па традыцыйных рамёствах. Таксама ў музеі працуе выставачная зала, што дае магчымасць некалькі разоў на год адкрываць выставы не толькі з музейнага збору, але і прадстаўляць вырабы майстроў народнай творчасці, творы мастакоў і фатографаў.
За гады руплівай працы Музей традыцыйнай культуры стаў сапраўдным цэнтрам па зборы, захаванні, вывучэнні і папулярызацыі дэкаратыўна-прыкладнога мастацтва і фальклору. Дзякуючы творчым дасягненням супрацоўнікаў музей застаецца жывым і цікавым. Але гэтая плённая дзейнасць была б немагчымая без сяброў музея, якія не толькі наведваюць святы, вечарыны і майстар-класы, але і дапамагаюць у зборы матэрыялаў для фондаў. Музей запрашае да супрацоўніцтва ўсіх зацікаўленых ў вывучэнні і папулярызацыі багатай спадчыны традыцыйнай культуры Беларусі.

заг. Музея ткацтва Козел Аксана



 Надзея Валянцінаўна Філатава - першы  загадчык музея