У Музеі ткацтва Паазер’я прайшлі мерапрыемствы, прысвечаныя дню ведаў.

1 верасня – гэта апошні вольны дзень, калі заняткі яшчэ не пачаліся, а навучэнцы ўжо збіраюцца разам. У гэты цёплы дзень пачатку восені супрацоўнікі музея сумесна з навучэнцамі Полацкага дзяржаўнага ляснога каледжа зладзілі літаратурна-музычны праект “Асветніка зямлі беларускай праслаўляючы”.

Мерапрыемства пачалося на панадворку музея з канцэртнай праграмы “ART-гадзіна” з песнямі і танцамі, з жартамі і прымаўкамі. Затым навучэнцы адправіліся на праграму “Фабрыка паэтычных зорак”, дзе прагучалі творы маладых аўтараў – навучэнцаў каледжа.

Фінальнай яркай кропкай стала гульня-квэст, падрыхтаваная супрацоўнікамі музея. Спачатку моладзь разгадвала крыжаванку (падказкі можна было знайсці, пазнаёміўшыся з экспазіцыяй), а пасля на хуткасць складалі пазлы з арнаментамі.

Скончылася свята ўзнагароджваннем удзельнікаў.

Мы вельмі радыя, што ў выніку творчага супрацоўніцтва нашага музея з каледжам атрымалася такое цудоўнае мерапрыемства. Ад усёй душы жадаем студэнтам натхнення, новых ідэй і паспяховай іх рэалізацыі, высокіх вынікаў у вучобе і добрага настрою!

532