Зірнем на неба вачыма нашых продкаў

Цімафей Авілін. Паміж небам і зямлёй: этнаастраномія

5 снежня а 14-й гадзіне музей шчыра запрашае на прэзентацыю кнігі Цімафея Авіліна “Паміж небам і зямлёй: этнаастраномія”.

Кожны дзень, спяшаючыся на працу, многія з нас слухаюць астралагічны прагноз на дзень. “Ці будзе ўдалым дзень?”, “ Якія справы сёння трэба зрабіць, а якія лепей адкласці на іншы час?”, “Каго я сёння сустрэну?” – у гэтых пытаннях мы спадзяёмся на дапамогу такіх далёкіх для нас зорак!

А ці звярталіся з пытаннямі да зорак нашыя продкі? Што яны бачылі, калі ўглядаліся ў зорнае неба? Аб чым марылі і здзяйснення чаго жадалі? Як чалавек традыцыйнай культуры ўспрымаў неба і аб’екты на ім?

На гэтыя і шматлікія іншыя пытанні паспрабуе адказаць новая кніга па народнай астраноміі “Паміж небам і зямлёй: этнаастраномія” Цімафея Авіліна – навуковага супрацоўніка ДНУ "Цэнтр даследаванняў беларускай мовы, культуры і літаратуры”(сектар этналінгвістыкі і фальклора) НАН Беларусі.

Цімафей Авілін. Паміж небам і зямлёй: этнаастраномія

У кнізе разглядаюцца народныя ўяўленні, звязаныя з зоркамі, сузор’ямі, метэорамі і іншымі нябеснымі целамі. Для напісання кнігі аўтарам выкарыстаны асабістыя экспедыцыйныя запісы, экспедыцыйныя запісы іншых даследчыкаў, творы беларускага фальклору, старажытная ўсходнеславянская літаратура.

Падчас сустрэчы, аўтар таксама пакажа ўсім зацікаўленым, як рабіліся этналінгвістычныя карты, якія прадстаўлены ў кнізе.

Жадаючыя набыць кнігу “Паміж небам і зямлёй: этнаастраномія” загадзя тэлефануйце ў музей да 3 снежня!

Фотаздымак аўтара ўзяты з сайта: http://www.svaboda.org/content/article/27357324.html

588