Прэзентацыя выстаўкі "ГРАНІ"

14 ліпеня адбылася прэзентацыя выставы пано лапікавага шыцця «ГРАНІ», народнага клуба «Рошва» Цэнтра рамёстваў і нацыянальных культур г.Полацка. Кіраўніца клуба Ярмух Ніна Іосіфаўна правяла чароўную экскурсію, у якой распавяла пра міфалагічныя ўяўленні нашых продкаў, тую адвечную сувязь паміж прыродай, чалавекам і Сусветам, якую адлюстравалі майстрыцы клуба “Рошвы” у тэхніцы лапікавага шыцця.

У аснову ідэі праекта ляглі звесткі з багатай славянскай міфалогіі, у якой згадваецца Чур (Цур) – бог хатняга ачага, які ахоўваў межы зямельных ўладанняў, утрымліваў дзёрзкіх і свавольных парушальнікаў. У далёкія часы на межах сваіх надзелаў ўладальнікі насыпалі пагоркі, якія абгароджвалі частаколам, а пасля ў гэтыя пагоркі пачалі ўсталёўваць драўляныя слупы. А яшчэ пазней на межах пачалі ставіць выявы самога Чура. Іх высякалі з дрэва ў выглядзе невялікага цурбана, на якім выразаліся ўмоўныя знакі, абярэгавыя сімвалы.

Выставачны праект “ГРАНІ”(адно з тлумачэнняў слова грані – зямля, рубеж) складаецца з сямі аб'яднаных па сэнсе палотнаў – Чураў. Цэнтрам кампазіцыі з'яўляецца драўляны Чур. У пачатку і канцы кампазіцыі - ручнікі, якія суправаджаюць чалавека з нараджэння і да скону. У астатніх палотнах-Чурах выкарыстаны вобразы традыцыйных беларускіх арнаментаў. Фонам глыбокіх сэнсавых элементаў з'яўляюцца прасторы нашай Зямлі.

Прыгажосць і глыбінны сэнс твораў майстрыц дазволілі адчуць прысутным тыя адвечныя грані, якія ідуць ад нашых каранёў і захоўваюцца назаўжды ў душы чалавека. А магічны напой з купальскіх кветак, які мог пакаштаваць кожны з жадаючых, стварыў атмасферу дабрыні, любові і цяпла.

Над стварэннем праекта працавалі:

Аўтары ідэі: Грабоўская Ірына, Шушарт Алена, Ярмух Ніна.

Кансультанты: Танана Аляксандр, Шушар Алена.

Удзельнікі: Ярмух Ніна, Лукавенкава Галіна, Баранкевіч Людміла, Панюшкіна Ганна, Кулага Алена, Каржукова Алена, Замкоўская Ірына, Мікешка Антаніна, Новік Галіна, Раманоўская Галіна.

572