З граняў складаецца свет

З 10 ліпеня па 31 жніўня ў музеі пачынае працаваць выстаўка пано «ГРАНІ».

Прэзентацыя праекта «ГРАНІ» адбудзецца 14 ліпеня а 16.00. Кіраўніца клуба лапікавага шыцця «Рошва» Цэнтра рамёстваў і нацыянальных культур г.Полацка Ярмух Ніна Іосіфаўна правядзе захапляльную экскурсію, дзе міфалагічнае светаўспрыманне нашых продкаў і беларускія арнаменты знайшлі сваё адлюстраванне ва ўнікальных творах майстрыц клуба.

Праект «ГРАНІ» ужо паспеў заваяваць сімпатыі людзей не толькі ў нашай краіне, але і ў краінах блізкага замежжа. Праект полацкіх майстрых «ГРАНІ» быў адзначаны Гран-пры ІІ Міжнароднага конкурсу лапікавага шыцця «Квілт-фэст-2014», які праходзіў у г.Масква.

Ствараючы міні-пано для праекта, майстрыхі клуба хацелі паказаць, што кожны з нас з’яўляецца маленькай часцінкай светабудовы, жыве па законах любові і дабра, якія завешчаны нам продкамі, і захоўвае ў сваім сэрцы памяць аб тым, што з’яўляецца каштоўнасцю ў яго лёсе. Гэта і ёсць соль Зямлі, сэнс Жыцця і вечная каштоўнасць нашага Быцця ...

Усіх хто завітае 14 ліпеня а 16 гадзіне ў музей чакае магічны напой з духмяных купальскіх зёлак! Запрашаем!

574