Дзе нараджаюцца прасы?

З 26 сакавіка ў музеі працуе выстаўка “Па тканаму мору плыве карабель...”, на якой прадстаўлена калекцыя прылад для разгладжвання бялізны з фондаў НПГКМЗ.

Адным з цікавых экспанаўтаў на ёй з’яўляецца чыгунны вугальны прас датаваны 1946-1961 гг. Зроблены прас на Касімаўскім уцюжна-механічным заводзе (г. Касімаў, Разанская вобл., СССР).

Гісторыя завода сыходзіць далёка ў мінулае і звязана з імем купца Дзмітрыя Сяргеевіча Баркова, які адкрыў у 1830 годзе ў Касімаве лудзільны завод. Пасля смерці Д. С. Баркова ў пачатку 1860-х гадоў камерцыйныя справы “Гандлёвага дома Баркова” перажывалі крызіс. Па справах фірмы ў 1861 годзе была заснавана адміністрацыя. У яе задачу ўваходзіла прывядзенне камерцыйных спраў у парадак. У наступныя гады заводы,якія належалі Баркову, былі прададзеныя. Большая частка маёмасці перайшла ў рукі Сяргея Лявонцьевіча Салазкіна. А пасля яго смерці ў 1909 годзе пераходзіць у рукі братоў Салазкіных.

У 1920 г. Пастановай Вышэйшага Савета народнай гаспадаркі прадпрыемства было нацыяналізавана. У 20-я гады тут пачалі выпускаць чыгунныя прасы, патрэба ў якіх на світанку станаўлення савецкай дзяржавы была вельмі вялікай. Пасля адкрыцця на заводзе ліцейнай вытворчасці яго пераймяноўваюць ва уцюжна-механічны.

У цяперашні час завод з'яўляецца камерцыйным прадпрыемствам - ТАА "Касімаўскі механічны завод №8".

Чыгунныя вугальныя прасы азначанага завода з’яўляліся надзейнымі памочнікамі беларускім жанчынам. Адначасова з імі на беларускіх землях бытавалі і прасы айчыннай вытворчасці. Іх выпускалі такія беларускія заводы, як завод “Минский РПК” (г. Мінск), завод “Красный металлист” (г. Магілёў), завод “Лидсельмаш” (г. Ліда) і інш.

На нашай выстаўцы прадстаўлены прасы заводаў Расійскай імперы, СССР, УССР, БССР, Польшчы. Пазнаёміцца з прасамі вытворчасці іншых заводаў вы зможаце на выстаўцы “Па тканаму мору плыве карабель...”, якая працуе ў музеі да 31 мая.

Спяшайцеся! Шчыра запрашаем да нас!

620