Адбыўся майстар-клас

Пэчворк ці мілагучна па-беларуску – лапікавае шыццё – на сёняшні дзень з’яўляецца адным з самых распаўсюджаных і ўлюбёных відаў рукадзелля людзей ва ўсім свеце! Нездарма і ў Полацку на базе Цэнтра рамёстваў і нацыянальных культур працуе Народны клуб лапікавага шыцця “Рошва” пад кіраўніцтвам таленавітай майстрыхі і цудоўнага чалавека Ярмух Ніны Іосіфаўны.

5 лютага на майстар-клас па лапікаваму шыццю, які адбываўся ў рамках выстаўкі “Гульні з ўяўленнем”, у музей завіталі студэнты педагагічнага каледжа імя П.М. Машэрава. Падчас майстар-класа яны не толькі пазнаёміліся з творчасцю прафесійных майстрых клуба, але змаглі паспрабаваць і свае здольнасці ў авалоданні гэтай самабытнай тэхнікай.

Захапленне, якім былі прасякнуты студэнты, не цяжка патлумачыць: праца над уласным невялікім творам мастацтва, у які дзяўчаты ўкладалі сваю душу, суправаджалася яскравымі прыкладамі, казкамі, звязанымі з жаночым лёсам і рукадзеллем...

Музей традыцыйнага ткацтва Паазер’я выказвае шчырую падзяку за правядзенне майстар-класа Ярмух Ніне Іосіфаўне і Панюшкінай Ганне Анатольеўне.

620