Выстаўка “Пад лямпы дзіўнае святло...”

Надышоў час валадарства зімы... З кожным днём усё мацнеюць маразы. Бялюткім снегам пакрыты стрэхі хат, прысыпаны палі і дарогі... Чалавечае душа і цела ў гэтую сцюдзёную пару года прагне цяпла, утульнасці, святла, хочацца незвычайнага чараўніцтва, перадкалядных цудаў.

Святло газавай лямпы яшчэ некалькі дзесяцігоддзяў таму назад з’яўлялася самым лепшым натхняльнікам для стварэння дзівосных твораў дэкаратыўна-прыкладнога мастацтва з паперы – выцінанак.

З нагоды хутка надыходзячых калядных і навагодніх святаў Музей ткацтва запрашае на выстаўку “Пад лямпы дзіўнае святло...”. На ёй вы пазнаёміцеся з прыборамі для штучнага асвятлення ХХ стагоддзя (газавымі лямпамі і ліхтарамі) з калекцыі Коца А.Л. і выцінанкамі, зробленымі Шушарт А.Г. На выстаўцы прадстаўлены падвясныя, перанасныя, настольныя газавыя лямпы і ліхтары айчыннай і замежнай вытворчасці, якія шырока выкарыстоўваліся на прасторах БССР. А калекцыя выцінанак “Па сцяжынках народнага календара” дазволіць вам узнавіць у памяці самыя значныя каляндарныя святы з жыцця нашых продкаў, што не страцілі сваёй актуальнасці і да сённяшняга дня.

Выстаўка пачне працаваць з 20 снежня. Набыўшы ўваходны білет у музей (6 000 руб. для школьнікаў і студэнтаў і 12 000 руб. для дарослых), Вы зможаце наведаць яе бясплатна.

735