Выстаўка "Маміна сукенка"

Самыя цёплыя і светлыя ўспаміны ў нас звязаны з мамай, яе дабрынёй, мудрасцю, цярплівасцю. Мама – выток усяго: і таго, што было, і таго, што будзе.

Мама — повар і кулінар, яе катлеты і пірагі самыя смачныя.

Мама — доктар, калі ў доме хтосьці хворы.

Мама — настаўнік, калі не рашаецца задачка.

Мама — псіхолаг, калі здараюцца нелады з сябрамі і з самім сабой.

Мама — дызайнер, калі трэба стварыць утульнасць і прыгажосць.

Мама — швачка і вязальшчыца, абновы з яе рук самыя любімыя.

“Маміна сукенка” – такую назву мае выстаўка жаночага адзення і аксесуараў у Музеі ткацтва, прымеркаваная да Дня маці.

Сукенкі і спадніцы, кашулі і туфлі, сумкі і капялюшыкі – усе гэтыя рэчы і не толькі з’яўляюцца яркім адлюстраваннем эпохі нашых матуляў, бабуляў і прабабуляў. Пачуццём настальгіі па былым часам прасякнута ўся выстаўка. Завітаўшы да нас, будзьце ўпэўнены, што вам захочацца тут застацца. Цёплая атмасфера, пануючая на выстаўцы, дазволіць па-іншаму зірнуць на звычайныя маміны рэчы.

Наша выстаўка – інтэрактыўная. Калі ў вас ёсць жаданне прадаставіць нам матуліны рэчы, то, калі ласка, да нас. Нягледзячы на тое, што выстаўка распачне працаваць з 12 кастрычніка, яе можна папаўняць і папаўняць цікавымі прадметамі, звязанымі з жыццём вашых мам.

Выстаўка “Маміна сукенка” – гэта цудоўная нагода шчыра падзякаваць, яшчэ раз прызнацца ў сваіх самых лепшых пачуццях да матулі і ціха, пра сябе, папрасіць, каб святло мацярынскай душы доўга-доўга ззяла над вамі, асвятляючы кожнае імгненне жыцця.

Выказваем шчырую падзяку ўсім, хто адгукнуўся на нашу ідэю арганізаваць сумесную выстаўку ў музеі.

271