Зробім выстаўку разам

Музей традыцыйнага ручнога ткацтва Паазер’я запрашае жыхароў Полацка і Наваполацка прыняць удзел у арганізацыі выстаўкі “Маміна сукенка”, прымеркаванай да Дня Маці (14 кастрычніка). Калі ў вас захаваліся рэчы бабуляў і матуляў (спадніцы, сукенкі, блузкі, аксесуары, абутак, фотаздымкі і інш.), калі ласка, прыносьце іх да нас у музей да 8 кастрычніка.

Музей на сённяшні момант – гэта не толькі сховішча для гісторыка-культурных каштоўнасцей, найбольш значных для ўсяго грамадства. Музей – захавальнік і індывідуальных успамінаў. Доказам гэтага з’яўляецца спроба зрабіць у Музеі ткацтва выставу рэчаў, якія прыналежалі вашаму самаму дарагому чалавеку ў жыцці – вашай матулі. Мы абавязаны ёй сваім нараджэннем. Ад самай першай хвіліны яна аберагае нашае жыццё. Бадай, што кожны можа ўзгадаць такія выпадкі, калі слова і пяшчота матулі з’яўляліся цудадзейнымі лекамі, якіх не знойдзеш ні ў адной аптэцы. На свеце не хопіць ніякіх слоў, каб выказаць падзяку і павагу нашым матулям, аднак сваімі дзеяннямі можна паспрабаваць гэта зрабіць.

Прапануем вам паўдзельнічаць у арганізацыі нашай выстаўкі, дзе плануем прадставіць ўсе тыя рэчы, што дарагія сэрцу, бо імі карысталіся вашыя матулі. Кожны прадмет стане музейным экспанатам, будзе невялікім адлюстраваннем эпохі, на якім накладзены адбітак лёсу. Ніводную рэч не пакінем без увагі.

670