Фальклорнае свята "Гуканне вясны"

«Сакавік часамі снегам сее, а часамі сонцам грэе». Так можна сказаць пра першы вясновы месяц. Аднак хопіць ужо зіме панаваць, а трэба вясну клікаць, гукаць.

27 сакавіка ў Музей традыцыйнага ручнога ткацтва Паазер'я прыйшлі пагукаць вясну маленькія навучэнцы дзіцячага інтэрнату г. Наваполацка. З вялікай цікавасцю і захапленнем хлопчыкі і дзяўчынкі выраблялі з каляровай паперы веснавых птушак. Зробленыя з любоўю і цеплынёй папяровыя птахі ажылі на Дрэве жыцця, каб на сваіх крылах прынесці да нас цёплую вясну.

«Гэй, вясна! Гэй, красна!» - менавіта гэтыя звонкія словы гучалі 28 сакавіка ў Музеі ткацтва на фальклорным свяце «Гуканне вясны». Удзельнікамі свята сталі дзіцячы літаратурна-музычны гурток «Рунь» Полацкага цэнтра рамёстваў і нацыянальных культур пад кіраўніцтвам Котавай Н.Я. і студэнцкі фальклорны гурт «Варган» Полацкага дзяржаўнага ўніверсітэта пад кіраўніцтвам Емельянчык В.А. Гурты спявалі гукальныя песні, якімі ствараўся пазітыўны настрой ўсяго свята. А дзякуючы веснавым карагодам сонца сапраўды ў гэты дзень пачало свяціць ярчэй і неба стала па-веснавому чыстае і блакітнае. Кожны, хто завітаў да нас, змог не толькі даведацца аб традыцыі замыкання зімы і адмыкання вясны, але і прыняць непасрэдны ўдзел у гэтай справе. Незабыўныя, неперадавальныя ўражанні ў гасцей свята: студэнтаў УА «Полацкі каледж УА ВДУ ім. Машэрава», супрацоўнікаў НПГКМЗ, бацькоў з дзецьмі пакінулі традыцыйныя беларускія гульні («Вішня», «Гарлачыкі», «Шуляк», «Поцяг»). Усе жадаючыя з задавальненнем далучаліся да гульняў.

«Гуканне святы» ў Музеі ткацтва сапраўды стала яшчэ адным крокам на шляху да адраджэння старажытнай беларускай традыцыі сустрэчы вясны. Гэтае свята дазваляе дакрануцца да самабытнай культуры роднага краю, аб'ядноўвае і гуртуе моладзь, неабыякавую да гісторыі сваёй Бацькаўшчыны.

911