Дыялог культур

У лютым месяцы на базе Музея праходзілі тэхналагічную практыку студэнты спецыяльнасці «Турызм і гасціннасць» УА «Полацкі каледж УА ВДУ ім. Машэрава». Падчас практыкі студэнты пазнаёміліся з дзейнасцю музея-запаведніка, асаблівасцямі працы музея этнаграфічнага накірунку, падрыхтавалі і правялі тэматычныя экскурсіі па тэмах: «Ручнік у сямейнай абраднасці беларусаў», «Арнаментыка і семантыка ручніка». Усе экскурсіі былі дапоўнены дадатковымі матэрыяламі – прэзентацыямі.

Разам са студэнтамі-беларусамі ў Музеі практыку праходзілі і студэнты з Туркменістану. Для іх было вельмі цікава пазнаёміцца з традыцыйнай беларускай культурай, пачуць беларускую мову. Вынікам такой зацікаўленасці сталі распрацаваныя і праведзеныя тэматычныя экскурсіі: «Традыцыйныя сыравіны беларусаў і туркменаў для вырабу ніткі», «Народнае адзенне беларусаў і туркменаў: падабенства і адрозненні».

Атрыманыя веды па маркетынгавай дзейнасці, па спосабах і метадах работы з музейнай аўдыторыяй студэнты выкарысталі пры арганізацыі і правядзенні фальклорнага свята «Гуканне вясны». На традыцыйнае беларускае веснавое свята завіталі хлопчыкі і дзяўчынкі 5-10 гадоў з дзіцячага садка і сацыяльнага прытулку г. Полацка. Цікавае тэатральнае дзейства, народныя гульні і падарункі пакінулі незабыўныя ўражанні ва ўсіх удзельнікаў гэтага мерапрыемства.

Практыка была карыснай не толькі для студэнтаў, але і для супрацоўнікаў музея. Разам яны знаёміліся з традыцыямі дзвюх культур, параўноўвалі матэрыяльную і духоўную спадчыну беларусаў і туркменаў, знаходзілі падабенства ў традыцыйным адзенні і асаблівасцях выхавання.

Хацелася б спадзявацца, што набытыя студэнтамі падчас практыкі веды дапамогуць ім у далейшай прафесійнай дзейнасці.

745