Лён трашчыць, ляціць кастрыца: — Хто ўкалоцца не баіцца?...

Лён трашчыць, ляціць кастрыца: — Хто ўкалоцца не баіцца?...
Трэ, ляскоча церніца: — Лён кашуляй вернецца!
Не выпадкова, у кастрычніку, на базе Музея традыцыйнага ткацтва Паазер’я былі праведзены музейна-педагагічныя заняткі для дзяцей 5-6 гадоў дзіцячых садкоў горада Полацка. Менавіта ў гэты час на Беларусі пачыналі трапаць лён, а з яго сыплецца кастрыца. Таму напэўна і атрымаў месяц кастрычнік сваю назву.
“Казка блакітнага лёну” – так называюцца заняткі пра дзіўную і чароўную расліну – лён, пра таямніцы яе вырошчвання і апрацоўцы. На занятках дзеці даведаліся як з насення, расліны, лён станавіўся кудзеляй, кужалем, ніткамі, палатном і нарэшце — зручнай, экалагічнай вопраткай, прыгожымі ручнікамі, бялюткімі абрусамі. Пачулі вершы, песні, прыказкі і прымаўкі, прысвечаныя гэтай незвычайнай расліне.
Асаблівую цікавасць для ўдзельнікаў заняткаў выклікаў прагляд анімаванага фільма “Як Кроцік прыдбаў нагавіцы” чэшскага мультыплікатара Здэнэка Мілера. Фільм з’явіўся ў 1956 годзе, але да гэтага часу з’яўляецца адзіным выхаваўчым мультфільмам, які дае магчымасць у зразумелай для дзяцей форме ўбачыць складаны працэс вырошчвання і апрацоўкі лёну ды вырабу тканіны.
Праведзеныя заняткі былі цікавыя не толькі дзецям, актыўна ўдзельнічалі ў іх і дарослыя. Дзякуючы заняткам, якія нагадвалі вясёлыя прыгоды і праходзілі ў хатняй і ўтульнай атмасферы, дзеці пачулі беларускую мову, пазнаёміліся з культурай свайго народу, апынуліся ў незвычайным для сябе асяродку і пачалі па-новаму глядзець на звычайныя рэчы.
У лістападзе дзяцей чакае наступны музейны занятак “Чароўны ганчарны круг” пра ўнікальны прыродны матэрыял – гліну, пра дзівосы ганчарнага майстэрства, пра прыгажосць кожнага керамічнага вырабу.

1514